Читать «Авальны партрэт» онлайн - страница 2

Эдгар Аллан По

* Томас Салі (1783 – 1872) – амерыканскі мастак, ангелец з паходжання, аўтар жаночых партрэтаў.

Яна была дзяўчынай рэдкае прыгажосці, але весялосць яе пераўзыходзіла прывабнасць. У злавесную гадзіну яна ўбачыла мастака, і пакахала яго, і выйшла за яго замуж. Ён, апантаны, працавіты й суворы, ужо быў заручаны з Мастацтвам. Яна, дзяўчына рэдкае прыгажосці, чыя весялосць пераўзыходзіць нават прывабнасць, гарэзная, як маладое аленяня, усміхаецца і свеціцца, усіх любіць і пра ўсіх клапоціцца, ненавідзіць толькі Мастацтва, сваю суперніцу, баіцца толькі палітры й пэндзляў ды іншых капрызных інструментаў, што адбіраюць у яе твар каханага. І з жахам слухала яна мастака, калі той сказаў, што жадае намаляваць нават яе, сваю маладую жонку. Аднак была яна сарамлівай і паслухмянай і цягам многіх тыдняў пакорліва сядзела ў цёмным пакоі ў вежы, дзе бледныя палотны асвятляліся толькі каганцамі. А ён, мастак, знаходзіў асалоду толькі ў сваёй працы, якой аддаваўся кожную гадзіну, кожны дзень. Апантаны, утрапёны й пануры, ён заблукаў у сваіх марах і не бачыў, што прывіднае святло самотнай вежы аслабляе здароўе і душу яго жонкі, чыё згасанне заўважаюць усе, апроч яго. Але яна ўсміхалася і заставалася спакойнай і цярплівай, бо бачыла, якое глыбокае і гарачае задавальненне атрымлівае мастак (а ён быў вельмі знакаміты), днямі й начамі малюючы яе, якая так яго кахае і аднак кожны дзень робіцца ўсё больш прыгнечанай і слабой. Тыя, хто заўважаў, што партрэт як дзве кроплі вады падобны да яе, гаварылі пра карціну як пра сапраўдны цуд, як пра сведчанне не столькі таленту мастака, колькі яго моцнага кахання да той, якую ён так дасканала выявіў. Аднак калі праца набліжалася да завяршэння, гасцям забаранілі наведваць вежу, бо апантаны мастак аддаўся працы з усёй палкасцю і рэдка адводзіў погляд ад палатна нават дзеля таго, каб паглядзець на сваю жонку. Ён не жадаў заўважаць, што фарбы, якія клаліся на палатно, знікалі з твару той, што сядзела перад ім. Праз некалькі тыдняў, калі амаль уся праца была выкананая і заставалася толькі крыху падмаляваць рот і накласці адно адценне на вока, душа жанчыны раптам ярка ўспыхнула, нібыта полымя каганца. І калі рот быў дамаляваны і адценне накладзенае, зачараваны мастак стаў перад сваім творам, і, зірнуўшы на карціну і задрыжаўшы, ён, аслупянелы й агаломшаны, гучна ўскрыкнуў: “Гэта ж само жыццё!”, павярнуўся да каханай і ўбачыў: яна была мёртвай!