Читать «Маска Чырвонае Сьмерці» онлайн

Эдгар Аллан По

Эдгар Алан По

Маска Чырвонае Сьмерці

Чырвоная Сьмерць ужо даўно спусташала краіну. Ніводная пошасьць не была ніколі такая згубная й такая агідная. Кроў была яе ўвасабленьнем і яе пячаткаю — чырвань і жудасьць крыві. Спачатку востры боль і раптоўная помарач, пасьля з усіх пораў пачынала сачыцца кроў, пакуль не наставаў сьмяротны распад. Пунсовыя плямы на целе, асабліва на твары, былі кляймом пракляцьця, якое пазбаўляла ахвяру людзкое дапамогі й спагады. I ўвесь гэты посгуп хваробы, ад першых азнакаў да жахлівага канца, працягваўся поўгадзіны.

Але князь Проспэро быў шчасьлівы, адважны й празорны. Калі ягоныя ўладаньні былі выгубленыя напалову, ён прыклікаў да сябе тысячу дужых і легкадумных сяброў спасярод рыцараў і паннаў свайго двору, і зь імі адышоў у глыбокую адлюднасьць аднаго з сваіх умацаваных кляштараў. Гэта была раскошная й велічная пабудова, твор князевых дзівацкіх і шляхотных густаў. Навокал бараніў яе магутны й неадольны мур. У муры былі жалезныя брамы. Вяльможныя ўцекачы ўзялі з сабою кавальскія горны й малаткі, і ўвайшоўшы, залітавалі ўсе засаўкі. Яны пастанавілі не пакінуць ніякіх магчымасьцяў ні для ўваходу, ні для выхаду раптоўным прыступам роспачы ці вар’яцтва сярод тых, хто застаўся ў мурох. Кляштар быў шчодра забясьпечаны. Належна засьцярогшыся, княжы двор мог не зважаць на пагрозу заразы. А сьвет за мурамі хай сам пра сябе дбае. Тым часам было глупствам засмучацца або думаць. Князь паклапаціўся пра ўсе магчымыя забавы. Там былі блазны, імправізатары, балет, музыка, Прыгажосьць, віно. Усё гэта й надзейная бясьпека былі ў мурох. Вонках іх была Чырвоная Сьмерць.

Калі набліжаўся да канца пяты або шосты месяц кляштарнага замкненьня й калі пошасьць навокал лютавала найстрашней, князь Проспэро сабраў тысячу сваіх сяброў на маскаваны баль незвычайнае пышнасьці. Маскарад гэты быў найдзівосьнейшым відовішчам. Але дазвольце мне найперш апісаць пакоі, у якіх ён адбываўся. Іх было сем — велічная анфіляда. Шмат у якіх палацах, аднак, гэтыя анфіляды складаюць даўгую й простую пэрспэктыву, а дзьверы рассоўваюцца на абодва бакі амаль да самых сьценаў, так што скразны від усяе чарады пакояў нічым не затуляецца. Тут жа была зусім іншая рэч; як і можна было спадзявацца, уважаючы на князеву схільнасьць да ўсяго bizarre. Пакоі былі разьмешчаныя так бязладна, што за раз можна было ахапіць зрокам крыху больш за адзін. Праз кожныя дваццаць або трыццаць мэтраў быў круты паварот, і за кожным паваротам хавалася непрадбачанасьць. Справа й зьлева, пасярэдзіне кожнай сьцяны высокае й вузкае гатычнае акно выходзіла на крыты калідор, які паўтараў выгіны анфіляды. Вокны гэтыя былі аздобленыя вітражамі, колер якіх мяняўся адпаведна зь пераважным тонам розных пакояў. Крайні ўсходні, прыкладам, меў блакітную абставу — і ярка-сінія былі ў ім вокны. Другі пакой быў барвовы ў сваёй аздобе й шпалерах, барвовыя былі й шыбы. Трэці быў скрозь зялёны, гэткія ж былі й вокны. Чацьверты быў абстаўлены й аздоблены ў  памаранчовы колер — пяты ў белы — шосты ў лілёвы. Сёмы пакой быў атулены шчыльна чорным аксамітам, які пакрываў усю столь і сьцены ад верху да нізу ды спадаў цяжкімі складкамі на дыван — тае самае тканіны й адценьня. Аднак толькі ў гэтым пакоі колер вокнаў не адпавядаў навакольнай аздобе. Шыбы тут былі пунсовыя — густа-крывавага колеру. Ні ў водным зь сямёх пакояў сярод багатага залатога аздабленьня, якое было раскіданае сям і там або зьвісала са столяў, не было ні сьвяцільняў, ні кандэлябраў. Ва ўсёй анфілядзе не гарэла ніводнае лямпы або сьвечкі. Аднак у калідоры, уздоўж анфіляды, насупраць кожнага вакна стаяў цяжкі трыножнік з жарніцаю, полымя якой зырка асьвятляла пакой праз каляровыя шыбы. I гэтак у пакоі спараджалася мноства дзівосных фантастычных зданяў. Што да заходняга, чорнага пакоя, дык у ім сьвятло ад агню, што лілося на чорныя заслоны праз крывавыя вокны, стварала асабліва несамавітае ўражаньне. Той, хто ўваходзіў туды, гэтак страшна мяняўся тварам, што мала хто з прысутных наважваўся пераступіць парог пакоя.