Читать «Чалавек натоўпу» онлайн - страница 4

Эдгар Аллан По

Зачараваны дзівоснымі гульнямі сьвятла, я захапіўся разгляданьнем асобных твараў; і хоць хуткасьць, зь якою зіхоткі сусьвет мільгаў за вакном, дазваляла мне кінуць толькі адзін позірк на кожны твар, усё ж здавалася, што ў тым маім асаблівым стане душы й розуму я часта быў здольны нават за найкарацейшае імгненьне беглага позірку прачытаць гісторыю доўгіх гадоў.

Прыціснуўшыся лбом да шыбіны, я сядзеў, падрабязна аглядаючы натоўп, калі раптам перада мною зьявіўся твар (струхлелага старога чалавека гадоў шасьцідзесяці пяці або сямідзесяці), — твар, які спыніў і захапіў усю маю ўвагу, дзякуючы абсалютнай непаўторнасьці ягонага выразу. Нічога, што б хоць найдалей нагадвала гэты выраз, я ніколі яшчэ ня бачыў. Я добра памятаю, што маёй першай думкай, калі я ўбачыў яго, было, што Рэц, паглядзеўшы на яго, не вагаючыся выбраў бы гэты твар для сваіх партрэтных уцелаўленьняў д’ябла. Калі я паспрабаваў за кароткую хвіліну майго арыгінальнага агляду прааналізаваць значэньне, схаванае ў гэтым твары, перада мною няясна й блытана паўсталі вобразы вялікае разумовае сілы, абачлівасьці, скупасьці, хцівасьці, стрыманасьці, хітрасьці, крыважэрнасьці, злараднасьці, весялосьці, празьмернага страху, глыбокай — скрайняй роспачы. Я быў дзівосна ўзрушаны, спалоханы, зачараваны. „Якая дзікая гісторыя, — сказаў я сам сабе, — запісаная ў гэтай душы!” Тады ў мяне ўзьнікла нясьцерпнае жаданьне прасачыць за гэтым чалавекам, даведацца пра яго болей. Пасьпешліва накінуўшы плашч і схапіўшы капялюш і кій, я выбег на вуліцу й пачаў прадзірацца праз натоўп у той бок, куды, як я пабачыў, пайшоў стары; бо ён ужо зьнік з вачэй. Не бязь цяжкасьці празь нейкі час я ўсё ж заўважыў яго, наблізіўся й пайшоў за ім, захоўваючы асьцярожнасьць, каб не прыцягнуць ягонае ўвагі.

Цяпер я мог добра яго разгледзець. Ён быў нізенькі, вельмі худы і з выгляду вельмі кволы. Вопратка на ім, агулам кажучы, была брудная й падзёртая; але калі час ад часу на яго падала зыркае сьвятло ліхтара, было відаць, што ягоная бялізна, хоць і брудная, была пашытая з дыхтоўнае тканіны; і можа мяне падмануў мой зрок, але праз прагал у шчыльна зашпіленым і відавочна пазычаным з чужога пляча roquelaire’ы, у які ён быў загорнуты, я заўважыў дыямэнт і кінжал. Гэтыя назіраньні падагрэлі маю цікаўнасьць, і я вырашыў ісьці за незнаёмцам, куды б ён ні скіраваўся.

Было ўжо зусім цёмна, і над горадам павісла шчыльная сырая смуга, якая хутка абрынулася густым зацяжным дажджом. Гэтая  зьмена  ў надвор’і дзіўным чынам паўплывала на натоўп, у ім распачаўся новы розрух, а над ім павырасталі незьлічоныя парасоны. Калыханьне, штурханіна й гамана ўзмацніліся ўдзесяцёра.  Што да мяне, дык я ня надта зважаў на дождж — з увагі на старую гарачку, што хавалася недзе ў глыбінях майго арганізму, вільгаць была мне нейкай небясьпечнай прыемнасьцю. Абвязаўшы рот хустачкай, я йшоў далей. Паўгадзіны стары, змагаючы ўсе перашкоды, ішоў напрасткі па вялікай вуліцы; я ішоў зусім побач, баючыся згубіць яго з вачэй. Ні разу не азірнуўшыся назад, ён мяне ня бачыў. Пасьля ён павярнуў на папярэчную вуліцу, якая, хоць і густа напоўненая людзьмі, была ўсё ж не такая тлумная, як тая, з якой ён толькі што сышоў. I тут адразу заўважылася перамена ў ягоных паводзінах. Цяпер ён ішоў павольна й ня так мэтанакіравана, як перад тым — больш нерашуча. Некалькі разоў ён перайшоў сюды-туды вуліцу безь ніякае бачнае мэты; навокал усё яшчэ было так людна, што падчас кожнага з гэтых пераходаў я мусіў трымацца блізка ад яго. Вуліца была вузкая й даўгая, ён ішоў па ёй гадзіну, за якую натоўп паступова паменшаў да той колькасьці, якую звычайна можна пабачыць на Брадвэі каля Парку — такая вялікая розьніца ў жыхарстве паміж Лёнданам і найбольш  людным горадам Амэрыкі. Яшчэ адзін паварот вывеў нас на ярка асьветлены пляц, перапоўнены жыцьцём. Да старога зноў вярнуліся старыя манеры. Угнуўшы галаву, ён кідаў навокал дзікія позіркі з-пад насупленых броваў. Упарта й неадступна ён ішоў далей. Я аднак зьдзівіўся, калі заўважыў, што абыйшоўшы пляц ён зноў пайшоў па сваіх сьлядох. Яшчэ больш я быў уражаны, калі ён паўтарыў тую самую праходку некалькі разоў — адзін раз ледзь ня выкрыўшы мяне, калі нечакана павярнуўся.