Читать «Пяць апельсінавых зярнятак» онлайн - страница 6

Артур Конан Дойль

Вось у такіх злавесных абставінах я і атрымаў сваю спадчыну. Вы можаце спытаць мяне, чаму я ад яе не пазбавіўся. І я адкажу, што гэта не мае сэнсу. Я ўпэўнены, што беды нашае сям’і нейкім чынам звязаныя з якімсьці выпадкам у жыцці дзядзькі і што небяспека будзе ісці за мною з дому ў дом.

Мой бедны бацька памёр у студзені 1885 году, і з таго часу мінула два гады і восем месяцаў. Увесь гэты час я спакойна пражыў у Хоршэме і пачаў ужо спадзявацца, што пракляцце пераследавала толькі старэйшае пакаленне і больш не будзе турбаваць нашую сям’ю. Але я зарана расслабіўся і пачаў радавацца жыццю: учора ранкам на мяне абрынуўся той самы ўдар, што і на майго бацьку.

Тут малады чалавек дастаў з кішэні свайго плашча скамечаны канверт і, вярнуўшыся да стала, вытрас з яго пяць высахлых апельсінавых зярнятак.

— Вось і канверт, — сказаў ён. — Паштовая марка лонданская — усходні раён. А ўсярэдзіне — такое самае пасланне, якое атрымаў мой бацька перад смерцю: тры літары К і далей — “Пакладзіце паперы на сонечны гадзіннік”.

— І што вы зрабілі? — спытаў Холмс.

— Нічога.

— Нічога?

— Я, шчыра кажучы, адчуваю сябе зусім бездапаможным, — сказаў ён, закрыўшы твар тонкімі бледнымі рукамі, — я быццам той трусік, якога ўсё мацней сціскае ў сваіх абдоймах змяя. Мне здаецца, што я трапіў у палон да непераадольнага і няўмольнага зла, якое нельга прадбачыць і ад якога нельга абараніцца.

— Ну, ну! — усклікнуў Шэрлак Холмс. — Вам трэба дзейнічаць, дружа, іначай вы прапалі. Вас могуць уратаваць толькі рашучыя дзеянні. Няма часу адчайвацца.

— Я звяртаўся ў паліцыю.

— І што?

— Яны выслухалі маю гісторыю з усмешкай. Інспектар, я ўпэўнены, вырашыў, нібыта ўсе гэтыя лісты — не больш чым жарт, а смерці маіх блізкіх і праўда былі няшчаснымі выпадкамі, зусім не звязанымі з пагрозлівымі лістамі, — як і пастанавілі прысяжныя.

Холмс патрос у паветры сціснутымі кулакамі і ўскрыкнуў:

— Неверагодная абмежаванасць!

— Аднак яны камандзіравалі да мяне аднаго паліцэйскага, які будзе дзяжурыць у маім доме.