Читать «Пяць апельсінавых зярнятак» онлайн - страница 10

Артур Конан Дойль

— Але якой?

— А вы хіба ніколі, — схіліўшыся ўперад і сцішыўшы голас, спытаў Шэрлак Холмс, — зусім ніколі не чулі пра ку-клукс-клан?

— Ніколі.

Холмс перагарнуў старонкі кнігі, што ляжала ў яго на каленях.

— Вось яно, — сказаў ён праз хвіліну. — “Ку-клукс-клан. Назва паходзіць ад спалучэння гукаў, якія нагадваюць гук узвядзення затвора вінтоўкі. Гэтая жахлівая таемная суполка была арганізаваная ў паўднёвых штатах былымі салдатамі Канфедэрацыі пасля Грамадзянскай вайны і хутка займела мясцовыя аддзяленні ў розных раёнах краіны, найбольш у штатах Тэнэсі, Луізіяна, абодвух Каралінах, Джорджыі і Фларыдзе. Суполка выкарыстоўвала свае сілы для дасягнення палітычных мэтаў, пераважна запалохвання негрыцянскіх выбаршчыкаў, а таксама забойства ці высялення з краіны тых, хто змагаўся супраць поглядаў яе ўдзельнікаў. Іх гвалтоўнаму ўмяшанню зазвычай папярэднічалі пагрозы, якія дасылаліся непажаданай асобе ў вычварнай, але часцей за ўсё пазнавальнай форме — дубовая галінка ў адных мясцовасцях, дынныя семечкі ці зярняткі апельсіна — у іншых. Атрымаўшы такое папярэджанне, ахвяра мусіла альбо адкрыта адхрысціцца ад сваіх ранейшых поглядаў, альбо пакінуць краіну. Калі яна кідала сваім пераследнікам выклік, яе нязменна спасцігала смерць, звычайна вельмі дзіўная і непрадказальная. Арганізацыя суполкі была такой прадуманай, а яе метады — такімі адпрацаванымі, што наўрад ці вядомы хоць адзін выпадак, калі ахвяра змагла беспакарана пагрэбаваць папярэджаннем ці калі выканальнікі злачынства былі знойдзеныя і схопленыя. Нягледзячы на ўсе захады ўраду Злучаных Штатаў і найлепшых прадстаўнікоў Поўдня, некалькі гадоў арганізацыя квітнела. Урэшце ў 1869 годзе рух нечакана спыніў існаванне, хаця адзінкавыя ўспышкі злачынстваў такога кшталту адбываліся і пазней”.

— Як вы можаце заўважыць, — працягнуў Холмс, адкладаючы том, — нечаканае спыненне дзейнасці суполкі супала з ад’ездам палкоўніка Апэншоў з Амерыкі разам з паперамі. Цалкам магчыма, што мы маем і прычыну, і вынік. Няма нічога дзіўнага ў тым, што па слядах палкоўніка і яго сям’і ідуць бязлітасныя пераследнікі. Вы ж разумееце, што ў гэтых дзённіках і рэестрах могуць згадвацца найвядомейшыя асобы Поўдня, і многія з іх не змогуць спакойна спаць, пакуль не вернуць паперы.

— Значыць, старонка, якую мы бачылі...

— Гэта акурат тое, чаго і варта было чакаць. Калі я правільна помню, там было напісана: “Зярняткі дасланыя А, Б і В”, — значыць, суполка даслала ім папярэджанні. Наступныя запісы паведамлялі, што А і Б прыбраліся, то бок пакінулі краіну, а В наведалі, і гэта, баюся, не прынесла В нічога добрага. Што ж, доктар, думаю, мы можам праліць святло на гэтую цёмную справу. А тым часам адзінае ратаванне для маладога Апэншоў — гэта выканаць тое, што я яму сказаў. Сёння мы не можам больш нічога ні сказаць, ні зрабіць, а таму перадайце мне, калі ласка, маю скрыпку і давайце паспрабуем хаця б на паўгадзінкі забыць пра паскуднае надвор’е і пра яшчэ больш паскудныя ўчынкі нашых бліжніх.