Читать «Гапееў Ведзьміна тоня» онлайн - страница 7

Неизвестно

– А цяпер будзем есці!

У цэлафанавым пакеце, які яму збірала ў інтэрнаце выхавацелька, былі два адвараныя яйкі, добры кавалак парэзанай вэнджанай каўбасы, некалькі агуркоў і памідораў. А яшчэ дзве пачкі пячэння, бляшанка згушчонага малака, хлеб і літровая бутэлька “Колы”.

Нэла пляскала ў ладкі, вочкі яе гарэлі, але яна ні да чаго не працягнула руку, пакуль сам Сяргей не палупіў і не даў ёй яйка.

– Еш! Ды не спяшайся! Ніхто не адбярэ, – знарок грубавата прыкрыкнуў на дзяўчынку.

Нэла мо і хацела есці не спяшаючыся, але яйка знікла вельмі хутка. Другое яна ела ўжо павольней. І ўжо зусім заспакоена, ласуючыся, маленечкімі кавалачкамі адкусвала каўбасу і хлеб.

Сяргей сам ад ранку нічога не еў. Але адзін агурок з кавалкам хлеба нечакана насыцілі яго. Ён глядзеў, як есць Нэла, і адчуваў, што ў ім нешта мяняецца. Нешта прападае. Такое, без чаго ён сябе ўжо і не ўяўляў – знікала пачуццё голаду. Упершыню за ўсё сваё жыццё ён толькі вось цяпер, у гэтым садку, седзячы перад сваёй пяцігадовай сястрычкай, адчуў, што яму не хочацца есці. Ніколі не было такога, каб Сяргей мог адмовіцца ад таго ж пячэння ці ад каўбасы. Разбудзі сярод ночы, прапануй што-небудзь – з’есць. А тут, у садку, нават згушчонае малако не будзіць страўнік.

Проста не хочацца.

Сяргею было нечага аж крыху страшна. І – радасна. Што не трэба давіцца слінай, гледзячы на прысмакі, перасільваць сябе вось цяпер і прыкідвацца, што табе зусім не хочацца, каб толькі ёй, Нэлі, хапіла ўсяго паболей...

– Ну, ты еш паціху, – Сяргей падняўся, – я ў хату схаджу. Калі што... – у яго ледзь не вырвалася: “заві мяне”. Сяргей запнуўся, потым дагаварыў: – Калі што, бяжы да мяне.

Нэла кіўнула згодна, смокчучы пячэнне.

Адразу ў сенцах шыбануў у нос страшэнна непрыемны, рэзкі пах. Смурод ішоў ад ночваў, у якіх кісла нешта падобнае на бялізну. Відаць, маці замачыла, ды і забылася. Такое і раней было…

Сяргей перасіліў сябе, нахіліўся. Здаецца, тут было якраз дзіцячае адзенне. Хацеў ужо схапіць ночвы за край, пацягнуць, каб вываліць усё на зямлю, адабраць з гэтай кучы адзежкі Нэлы, потым перамыць, але гідлівасць ад смуроду ўзяла верх – яго ледзь не званітавала. І потым, ён не ўяўляў, што там яшчэ за бялізна ў гэтай чорнай вадзе…

У хаце нічога, бадай, не змянілася за гэты год. Як і прадбачыў Сяргей: тая ж няўтульнасць, брудная падлога, непрыбраны стол, мухі роем над чыгунком з нечым на прыпечку.

Стала нечага балюча, усё роўна як цябе абакралі, подла падманулі. Але што тут было чакаць, калі яшчэ там, на прыпынку аўтобуса ён пачуў: “…Калі не напілася”.

Ніякага жадання нешта кранаць у хаце, прыбраць тут, падмесці не было. Хата яшчэ больш стала чужой для яго, ён разумеў, што адно яго старанне не зробіць хату ўтульнай. Зрэшты, ён не помніў яе ўтульнай ніколі – зімой было холадна, летам дакучалі мухі. І ў хаце амаль ніколі не было хлеба…

Выйшаў на надворак і аж у вачах як успыхнула нешта – нагэтулькі змрочна здавалася ў хаце. Пакрочыў у садок.

І адразу заўважыў постаць, якая нахілілася над Нэлай.

Ён пазнаў яе – маці. Хоць стаяла яна спінай, у невыразнай, раней ім не бачанай сукенцы.