Читать «Альбатрос» онлайн - страница 9

Станіслаў Лем

«Альбатроса» ўжо не было бачна. Пасярод зорак вісеў цяжкі бурштынава-бела-буры клуб дыму, выпучаны зверху грывастым нарастам. Ён апускаўся ўсё ніжэй, перабіраўся ў ніжні левы вугал экрана — «Тытан» прайшоў над ім, пракладваючы новы курс з сектара катастрофы.

У глыбіню цёмнага пакоя з дзвярэй радыёрубкі ўпала доўгая палоска святла. Быў чутны глас «Балістычнага»:

— «Балістычны восем» Месяцу Галоўнаму. Застопарыў у цэнтральнай частцы сектара 65. «Парыў» у нанапарсеку пада мной сігналізуе аптычна пра страты людзей і пра пацёклы рэактар, гатовы да катапульты рэактара, выклікае лекарскую дапамогу. Пошукам экіпажа «Альбатроса» перашкаджае заражэнне вакуума радыёактыўным воблакам з тэмпературай на паверхні звыш 1200 градусаў. Знаходжуся ў аптычнай зоне «Тытана» Марс — Зямля, які рухаецца каля мяне поўным ходам, выходзячы ў сектар 66. Чакаю з’яўлення «Кобальда сем нуль два» для правядзення сумесных мераў выратавання. Канец.

— Усе на свае месцы! — пачуўся моцны голас. Адначасна ўспыхнулі сігнальныя агні ў рулявой рубцы. Запанаваў рух, людзі ішлі каля сцен у тры бакі, Міндэл аддаваў загады, стоячы ля размеркавальнага пульта; адначасова гулі некалькі зумераў. Нарэшце зала апусцела, і акрамя камандора, Міндэла і Піркса застаўся толькі малады тэлеграфіст, які стаяў у кутку насупраць экрана і пазіраў на бэмбаль дыму, які паступова рассейваўся, усё больш расплываўся і знікаў.

— А, гэта вы, — сказаў камандор «Тытана», нібыта толькі зараз убачыў Піркса, і падаў яму руку, — ці адгукаецца «Кобальд»? — спытаўся ён у чалавека, які з’явіўся ў дзвярах радыёрубкі.

— Так, камандор, ідзе зваротным.

— Добра.

Яны пастаялі хвіліну, пазіраючы на экран. Апошні шматок брудна-шэрай хмары знік. Экран быў зноў повен чыстай, зорнай цемры.

— Хто-небудзь уратаваўся? — спытаўся Піркс, нібыта камандор «Тытана» мог ведаць больш за яго самога. Але той быў першы, а першы павінен ведаць усё.

— Мабыць, у іх заела дроселі, — адказаў камандор. Ён быў на галаву ніжэйшы за Піркса. Валасы меў як з волава — было невядома, ці то ссівеў, ці заўсёды былі гэткія.

— Міндэл, — кінуў камандор інжынеру, які ішоў міма, — зрабіце ласку, дайце адбой. Няхай танцуюць. Вы ведалі «Альбатрос»? — спытаўся ён, звяртаючыся да Піркса.

— Не.

— Заходняя кампанія. Дваццаць тры тысячы тон. Што там?

Радыётэлеграфіст наблізіўся і падаў яму спісаны бланк. Піркс прачытаў першыя словы: «Балістычны» да…»

Піркс адступіўся на крок. Аднак цяпер ён замінаў людзям, якія штохвілінна праходзілі праз рулявую рубку, і таму ён стаў ля самай сцяны ў кутку. Прыбег Міндэл.

— Як «Парыў»? — спытаўся ў яго Піркс. Міндэл выціраў хусцінкай успацелы лоб. Пірксу здалося, што яны ўжо былі знаёмыя — яшчэ з даўняй даўніны.

— Не найгорш, — засоп Міндэл. — Дасталося ад выбуху. Сістэма ахалоджвання рэактара выйшла са строю — гэтая брыдота заўсёды ляціць першая. Маюцца апёкі першай і другой ступені. Лекары ўжо там.

— З «Балістычнага»?

— Ага.

— Камандор! Месяц Галоўны! — загукаў нехта з дзвярэй радыёрубкі, і камандор выйшаў. Піркс стаяў насупраць Міндэла, які машынальна дакрануўся да сваёй апухлай шчакі і схаваў хусцінку ў кішэню.