Читать «Я з вогненнай вёскі...» онлайн
Янка Брыль
Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік
Я з вогненнай вёскі…
Пра фашызм чалавецтва ведае, здаецца, усё. Попел мільёнаў ахвяр яго стукае ў сэрцы людэей.
I ўсё ж сям-там спрабуюць зноў і зноў абяліць гэтую чуму XX стагоддзя — у вачах новых пакаленняў, якія самі не перажылі жахаў другой сусветнай вайны. Вунь колькі «навуковых прац» друкуецца на Захадзе пра Гітлера і ягоную зграю, колькі кніг і артыкулаў, аўтары якіх, хто як можа, стараюцца надаць чалавечыя рысы нацызму, падмяняючы памяць народаў рэваншысцкай тугой генералаў, настальгіяй былых халуёў фюрэра.
Аднак жа ёсць яна, жыве народная памяць — непадкупная памяць пра фашызм гестапаўскі, канцлагерны, хатынскі. Суд народаў не закончыўся ў Нюрнбергу. Ён працягваецца — у памяці народнай. Суд гэты ідзе не толькі дзеля гістарычнай справядлівасці. Ён жывым патрэбен дзеля жыцця. Бо нездарма гаворыцца, што той, хто не памятае свайто мінулага, асуджаны зноў яго перажыць.
I таму так важна, жыццёва важна, каб на ўвесь свет гучала народная памяць, праўда пра фашызм.
Хатыні — вёскі, спаленыя, забітыя разам з людзьмі,— гарачая, балючая, гнеўная праўда і памяць Беларусі. Жыхары больш як двухсот нашых разбураных у вайну гарадоў і больш за дзевяць тысяч спаленых вёсак, многія сотні якіх знішчаны разам з жыхарамі, — маюць што сказаць свету. Не толькі пра той фашызм, які бачылі і іншыя краіны, але і пра той, які яны ўбачылі б, калі б нацыстам удалося прыступіць да «канчатковага ўрэгулявання ў Еўропе».
Дваццаць мільёнаў чалавечых жыццяў каштавала гэта савецкаму народу— паламаць той «канчатковы план», вырваць перамогу з рук расістаў-нелюдзяў.
У гэтым усенародным змаганні велізарную ролю адыгралі адданасць сваёй Радзіме, чалавечая мужнасць партызан і падпольшчыкаў, усіх тых нашых людзей, якіх фашысты маглі толькі забіць, але не здольныя былі ператварыць у нявольнікаў. Сотні тысяч савецкіх партызан і падпольшчыкаў (у Беларусі — каля 450 тысяч) і мільёны тых, хто быў для народных мсціўцаў рэзервам і тылам, — гэта перашкодзіла гітлераўцам ажыццявіць на ўвесь размах «Генеральны план Ост», па якому дзесяткі і дзесяткі мільёнаў адных толькі славян было асуджана на знішчэнне.
Аднак «план» дзейнічаў, жорсткасць расістаў усім сваім, нечуваным у гісторыі чалавецтва, цяжарам абрынулася перш за ўсё на дзяцей, на жанчын, на нямоглую старасць…
«Я з вогненнай вёскі…» дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям'ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — жывуць.
Паслухайце ж, што гаворыць, як памятае пра тое народ.
Дзесяткі кіламетраў магнітафонных запісаў — расказы больш як трохсот непасрэдных сведкаў хатынскіх трагедый — склалі змест гэтай кнігі. Тысячы кіламетраў дарог — асфальтаваных, палявых, лясных — звязваюць іх, ахвяры фашысцкіх зверстваў.
Жывуць яны, гэтыя цудам ацалелыя людзі, па ўсёй Беларусі, у тых 147 вёсках, у якіх мы на працягу 1970–1973 гадоў пабывалі, аб'ездзіўшы трыццаць пяць раёнаў рэспублікі.
Вёсак, што падзялілі трагічны лёс Хатыні, у нас значна больш. Ды толькі не ўсюды мы маглі знайсці непасрэдных сведкаў. А запісвалі толькі тых, што