Читать «Федарэнка Дзікі луг» онлайн - страница 4

Неизвестно

ІІІ

— Давай, давай, давай! — падганяе Кулініч, калі бачыць, што хто прыстаў, ці спыніўся выцерці пот, ці каса не так ходзіць у руках, або занадта марудна падыма- ецца на пагорак.

— Ніжай! ніжай! ніжай! — пакрыквае ён, калі няма да чаго прычапіцца. У роце яго паблісквае залаты цыганскі зуб, даўно дакураная, патухлая беламорына пры- ліпла да губы.

Сам ён худы — скура, косці ды мускулы. Такіх звычайна ніякая ўтома не бярэ. Лясніцкая фуражка з зялёным аколышам зухавата ссунута набок, з-пад брыля вылазіць чорны чуб з белымі павуцінкамі сівізны. З халявы звешваецца раменьчык мянташкі. Яму ўжо за сорак, але ён толькі нядаўна, у мінулым годзе, ажаніўся; узяў не са сваёй вёскі, а ажно з Махнавіч — таксама, праўда, немаладую, затое якую ўдалую! У свае трыццаць яна выглядае як дзяўчынка-падлетак. Такая вясёлая, спрытная, са зграбнай постаццю і з мілым наівам у твары. Ёсць у іх ужо маленькі сынок. І ён з імі тут, на лузе, спіць у шалашы пад полагам з марлі. Рахманы, хоць бы піскнуў Махновачка час ад часу ўтыркае граблі ў мяккую зямлю і бяжыць гля- дзець, выдзьмухвае з шалаша камароў, якія шыюцца ў цень ад сонца. Яна сама ўся як сонца. Усё ёй у навіну — і яе роля замужняй кабеты, і маладой маці, і клапатлівай гаспадыні... Яна ніколі не ведала самастойнасці, век пражыла ў адной хаце разам з бацькамі, і цяпер прагна, з жарам аддаецца гэтым новым абставінам свайго жыцця, якое, аказваецца, можа быць такім поўным, аграмадным!.. Шчаслівая! І як ні стара- ецца прытушыць бляск у вачах, а ўсё роўна зыходзіць ад яе ззянне, аж наўкол разлі- ваецца: толькі гляньце, людзі, якой я ўмею быць! — і хіба што зрэдку, як воблачка на сонца, набягае на твар вінаватасць — за тое, што ёй пашанцавала, і нават лёгкі спа- лох: а возьме ды здарыцца нешта, і знікне так раптоўна зваленае на яе шчасце?..

Кулініч да жаніцьбы быў ціхі, спакойны чалавек, «дабрачы», як яго малодшы брат Пятро характарызуе. Працаваў у лясніцтве. За парубкі дужа не ганяў, наадва- рот, калі натыкаўся ў лесе на свежы пень, дык закрываў мохам і прытоптваў тырсу. Толькі калі ўжо зусім нахабна, проста на вуліцы звальвалі машыну крадзеных дроў, дык папярэджваў, каб схавалі на задворкі, ды не шморгалі двухручкаю, а яго Кулініча, з бензапілою пазвалі. Ніколі не браў ні грошай, ні магарычоў. «Аддасі які дзень», — буркаў, што значыла, каб баба памагла жаць, ці бульбу скапаць, ці пама- лаціць, ці сечкі нарэзаць, ці капусты ўвосень нашаткаваць. Прычым, як некаторыя з усходніх палешукоў, ён не змякчаў «ц» і ў яго гучала — «капац, рэзац, шаткавац». Удачлівы паляўнічы, ён часта прыносіў з лесу то зайца, то лісу, а бывала, глушца цецерука, адзін раз нават янота. Да яго ў хату знарок прыходзілі падзівіцца, ківалі галовамі, цмокалі языкамі ды так і не верылі, што здабыча з іхняга лесу. Мясцовы люд, вякамі жывучы ў сваіх лясах і балотах, па большасці нецікаўны, флору і фаўну ведае слаба: звычка бачыць вакол сябе адно й тое ж прытупляе ўвагу. Ім лягчэй паве- рыць, што ў Дальніх Ставах жыве нешта, вогненным шарам гарыць і пужае, чым у сапраўдныя, рэальныя рэчы, у тое, што пад носам.