Читать «Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк» онлайн - страница 170
Франсуа Марыяк
Даруйце мне, дзядзечка, але не магу я пагадзіцца з Вамі ў галоўным: я адзіны сведка апошніх дзён дзядулі і ведаю, якія былі ў яго пачуцці ў той час. Вы папракаеце яго за туманную, нездаровую набожнасць. Аднак дазвольце Вам сказаць, што ў Калезе ён тройчы сустракаўся з прыхадскім святаром (першы раз у канцы кастрычніка і два разы ў лістападзе). Дарэчы, Вы можаце папытацца пра гэта ў самога святара. Мама гаворыць, што ў «дзённіку», дзе пазначаны ўсе падрабязнасці дзядулевага жыцця, чамусьці нічога не напісана пра гэтыя сустрэчы. Гутаркі са святаром мелі, безумоўна, істотны ўплыў на перамены ў душэўным настроі нашага дзядулі, а нічога не сказана пра іх у дзённіку толькі таму, што ён не паспеў напісаць пра гэта. Мама ж сама гаворыць, што запіскі абрываюцца на паўслове. Я асабіста не сумняваюся, што смерць забрала дзядулю якраз у той момант, калі ён хацеў сказаць пра сваю споведзь. І дарэмна будзеце вы мне пярэчыць, што калі б ён атрымаў адпушчэнне грахоў, то пайшоў бы да прычасця. Я добра памятаю тыя словы, якія паўтараў мне дзядуля за дзень да сваёй смерці: ён усё бедаваў, што яшчэ не варты прыняць прычасце, і вырашыў пачакаць да каляд. Дзядзечка, чаму мама мне не верыць? Чаму яна лічыць гэта галюцынацыямі? Як цяпер, чую я, як ён гаварыў са мной у гасцінай пра гэты жаданы для яго калядны дзень. О, які сумны, ціхі, слабы быў дзядулеў голас!..
Супакойцеся, дзядзечка, я не збіраюся рабіць з яго святога. Я згаджаюся з Вамі, што чалавек гэты быў страшны, а часам нават жудасны. Але ў самыя апошнія дні азарэнне прыйшло і да яго. Гэта ж ён, ён, а не хто другі схапіў рукамі мяне за галаву і сілком адхіліў мой позірк ад…
А ці не здаецца Вам, дзядзечка, што Ваш бацька быў бы зусім другім чалавекам, калі б мы былі не такімі. Не папракайце мяне, калі ласка, што я хачу кінуць у Вас камень. Я ведаю і высока цаню Вашы вартасці. Ведаю я і тое, што дзядуля бываў жорсткі і несправядлівы з Вамі і маёй мамай. На нашу агульную бяду ён думаў, што мы прыкладныя хрысціяне… Не спрачайцеся: пасля дзядулевай смерці я пазнаёмілася з людзьмі, у якіх, вядома, ёсць свае недахопы, свае слабасці, але жывуць яны так, як таго патрабуе вера, і сэрцы іх перапоўнены міласэрнасцю. Калі б дзядуля жыў сярод такіх людзей, магчыма, даўно ўбачыў бы ён тую дарогу, на якую стаў толькі перад самай смерцю.
Яшчэ раз хачу сказаць: я не збіраюся абвінавачваць нашу сям'ю, каб абяліць і апраўдаць таго бязлітаснага чалавека, які стаяў на яе чале. Не магу я забыцца таго, што бабулін прыклад павінен быў бы адкрыць яму вочы, а ён так доўга рабіў толькі адно — помсціў, як мог, за сваю крыўду… І дазвольце яшчэ мне сказаць, чаму я, урэшце, апраўдваю яго, там, дзе былі скарбы нашы, там былі і сэрцы нашы — мы толькі і думалі пра гэтую спадчыну, якая магла нам не дастацца. А сябе апраўдаць мы, вядома, можам: вы былі чалавекам справы, я — беднай жанчынай… І тым не менш усе мы, акрамя бабулі, жылі не так, як трэба жыць. Думкі нашы, жаданні нашы, учынкі нашы былі адарваны ад веры. І душы нашы, рукі нашы цягнуліся да золата, грошай, багацця, у той час як дзядуля… Ці зразумееце Вы мяне, калі я скажу, што сэрца яго было не там, дзе было яго багацце. І я магу паклясціся, што дакумент, які ад мяне так старанна хаваюць, з'яўляецца вырашальным доказам гэтага.