Читать «Салавей i ружа (на белорусском языке)» онлайн - страница 3
Оскар Уайлд
"О так, у яго ёсць форма, - сказаў ён сам сабе, iдучы дадому, - што праўда, то праўда. Але цi ёсць у яго пачуццi? Баюся, што няма. Па сутнасцi, ён такi самы, як i большасць артыстаў: уся ўвага скiравана на стыль, а шчырасцi нестае. Ён нiколi не прынясе сябе каму-небудзь у ахвяру. Ён думае толькi пра музыку, а кожны ведае, што мастацтва эгаiстычнае. Аднак трэба прызнаць, што асобныя яго пошчакi даволi мiлагучныя. Адно шкада - яны не маюць нiякага сэнсу i пазбаўленыя карысцi!"
I юнак пайшоў да сябе ў пакой, лёг на маленькi вузкi ложак i пачаў думаць пра сваё каханне.
Хутка ён заснуў.
Калi на небе засвяцiў Месяц, Салавей прыляцеў да Куста ружы i прыцiснуўся да шыпа. Так ён спяваў усю ноч, а халодны крыштальны Месяц схiлiўся да яго i слухаў. Усю ноч навылёт спяваў Салавей. I ўсё глыбей i глыбей упiваўся шып у яго сэрца, i з сэрца кропля за кропляй сачылася жывая кроў.
Спачатку Салавей спяваў пра тое, як нараджаецца каханне ў сэрцах хлопчыка i дзяўчынкi. I тады на самай верхняй галiнцы Куста Чырвонай ружы пачала распускацца дзiвосная кветка. З кожнай новай песняй з'яўляўся новы пялёстак.
Спярша ружа была бледная, як туман над ракой, бледная, як першыя крокi золку, серабрыстая, як крылы досвiтку. Быццам адбiтак ружы ў сярэбраным люстры, быццам адбiтак ружы ў нерухомай вадзе сажалкi - вось якая была ружа, што расцвiла на верхняй галiнцы Куста.
I тады Куст зашалясцеў i сказаў Салаўю, каб ён яшчэ мацней прыцiснуўся да шыпа.
- Шчыльней цiснiся да мяне, Салавейка, бо iнакш дзень настане раней, чым запунсавее ружа!
Салавей яшчэ мацней прыцiснуўся да шыпа, i галасней загучала яго песня, бо была тая песня пра нараджэнне кахання ў сэрцах юнака i дзяўчыны.
I вось пялёсткi ружы зрабiлiся пунсовыя, як твар у маладога, калi ён цалуе ў вусны сваю нявесту. Але шып яшчэ не працяў сэрца птушкi, i Ружа заставалася белая, бо толькi жывая кроў Салаўя магла пафарбаваць сэрца Ружы.
Зноў Куст загадаў Салаўю, каб ён яшчэ мацней прыцiснуўся да шыпа.
- Прыцiснiся з усяе сiлы, Салавейка, бо iнакш дзень настане раней, чым запунсавее ружа!
I Салавей прыцiснуўся да шыпа яшчэ мацней, i джала нарэшце ўпiлося ў яго сэрца. Яго захлiснула хваля невыноснага болю. Боль рабiўся нясцерпны, але песня гучала ўсё галасней i галасней, бо Салавей спяваў пра Каханне, якое знаходзiць дасканаласць у Смерцi. Пра Каханне, якое не памiрае i пасля смерцi.
I стала дзiвосная ружа пунсовая, як небасхiл на свiтаннi. Пунсовы зрабiўся венчык, пунсовае, як рубiн, зрабiлася i яе сэрца.
А голас у Салаўя слабеў i слабеў, i вось затрымцелi маленькiя крылцы, затуманiлiся вочкi, i Салавей адчуў, як нешта калючае сцiснула яму горла.
Цяпер ён азваўся сваiм апошнiм пошчакам. Бледны Месяц пачуў яго i, забыўшыся на свiтанне, застаўся на небе. Пачула яго i Чырвоная ружа i, затрапятаўшы ў адказ, распусцiлася ўсiмi пялёсткамi насустрач халаднаватаму ранiшняму ветрыку. Рэха панесла гэты пошчак да сваёй барвовай пячоры ў гарах i разбудзiла пастухоў, якiя там спалi. Ён пракацiўся над рачнымi чаратамi, i тыя аддалi гэтыя гукi мору.