Читать «Птушкi (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Бруно Шульц

У той час мы ўпершыню заўважылi ў бацькi зацiкаўленьне да жывёлаў. Напачатку гэта было зацiкаўленьне паляўнiчага й мастака адначасова, можа была таксама глыбейшая, заалягiчная сiмпатыя гада да адзiнакроўных i такiх адметных формаў жыцьця, эксперыментаваньне ў невыпрабаваных рэестрах быцьця. Толькi ў пазьнейшай фазе справа атрымала той несамавiты, блытаны, глыбока грэшны i працiўны прыродзе абарот, якi лепей не выцягваць на сьвет Б-жы.

Пачалося ўсё з высiжваньня птушыных яек.

Коштам вялiкiх высiлкаў i грошай бацька выпiсваў з Гамбургу, з Галяндыi, з афрыканскiх заалягiчных станцыяў апладнёныя птушыныя яйкi, якi даваў для высiжываньня грамадным бельгiйскiм курам. Была та працэдура надта займальная й для мяне - то праклёўваньне птушанятаў, сапраўдных монстраў з выгляду й афарбоўкi. Немагчыма было ўгададаць у тых пачварах з аргамаднымi, фантастычнымi дзюбамi, якiя адразу ж пасьля нараджэньня разявалiся шырока, шыпелi прагнымi прорвамi глотак, у тых яшчурах з хiлымi голымi целамi гарбунцоў - будучых паваў, фазанаў, глухароў ды кондараў. Памяшчаныя ў кошыках, у ваце, гэты смачынае атродзьдзе падносiў на цяжкiх шыях сьляпыя, зарослыя белаю плеўкаю галовы, безгалоса каркалi нямымi глоткамi. Мой бацька хадзiў уздоўж палiцаў у зялёным хвартуку, як садоўнiк уздоўж парнiкоў з кактусамi, i выводзiў зь нябыцьця тыя сьляпыя пульхiры, пульсуючыя жыцьцём, тыя нязграбныя брухi, што прыймаюць навакольны сьвет у форме ежы, гэтыя наросты жыцьця, што навобмацак прарываюцца да сьвятла. Праз пару тыдняў, калi тыя сьляпыя почкi жыцьця лопалiся дзеля сьвятла, пакоi поўнiлiся каляровым гоманам, мiгатлiвым шчэбетам новых жыхароў. Яны абсядалi карнiцы фiранак ды шафы. гнязьдзiлiся ў гушчары алавяных развiлак i завiтушак шматгалiнных вiсячых лямпаў.

Калi бацька вывучаў орнiталягiчныя атлясы i гартаў каляровыя таблiцы, здавалася, што вылятаюць зь iх пярнатыя прывiды, i напаўняюць пакой каляровым трапятаньнем, ласкутамi пурпуру, клакамi лазуру, меднае зелялiны ды срэбра. Пад час кармёжкi яны ўтваралi на падлозе стракатыя, шаволючыеся градкi, жывы дыван, каторы, варта было каму-небудзь непрыкметна ўвайсьцi, распадаўся, разлятаўся ў каляровыя кветкi, якiя трапяталi ў паветры, каб ўрэшце асесьцi ў верхняй частцы пакоя. Асаблiва мне запоўнiўся адзiн кондар, аграмадны птах з голай шыяй, з маршчынiстым, у шчодрых наростах, тварам. Гэта быў худы аскет, будыскi лама, поўны непахiснай годасьцi, што кiраваўся жалезным церыманiялам свайго вялiкага роду. Калi сядзеў насупраць бацькi, нерухомы ў сваёй манументальнай пазыцыi векавечных эгiпецкiх бостваў, з вокам зацягнутым белаватым бельмам, якое насоўваў ён збоку на зрэнку, каб цалкам замкнуцца ў сузiраньнi сваёй годнай самоты - кондар са сваiм каменным профiлем здаваўся старэйшым братам майго бацькi. Тая ж матэрыя цела, сухажыльляў i зморшчынай цьвёрдай скуры, той жа твар, высахлы й касьцiсты, тыя ж самыя, агаравелыя, глыбокiя вачнiчы. Нават моцныя рукi ў вузлах, доўгiя, худыя бацькавы далонi, з выпуклымi пазногцямi, мелi свой аналяг ў кагцiстай лапе кондара. Калi я глядзеў на яго заснулага, ня мог пазбавiцца ад ўражаньня, што перада мною мумiя - высахлая, а таму й паменшаная мумiя майго бацькi. Мяркую, што й ад матчынай увагi не схавалася гэта дзiўнае падабенства, хоць мы нiколi не краналi гэтай тэмы. Характэрна, што кондар карыстаўся тым жа, што й бацька, начным гаршком.