Читать «Планета малпаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

Пьер Буль

Мы iшлi ланцужком, адзiн за адным, аклiкаючы раз-пораз Гектара, але той па-ранейшаму не паказваўся. Раптам Левэн, якi iшоў наперадзе, спынiўся i даў нам знак прыслухацца. Сапраўды, аднекуль чуўся гук, падобны на шум вадаспада. Мы рушылi ў гэтым кiрунку, i неўзабаве гук стаў яснейшы, так што ў нас знiклi сумненнi наконт яго паходжання.

Хутка мы ўбачылi гэты вадаспад. Мы доўга дзiвiлiся прыгажосцi вiдовiшча, якiм нас сустрэла Сарора. Чысты, празрысты, як нашыя горныя крынiцы, паток пятляў каскадам па схоне i зрываўся ўнiз з вяршынi скалы, разбiваючыся непадалёк ад нас аб камянi ў невялiчкiм возеры, паверхня якога гарэла i пералiвалася ўсiмi колерамi вясёлкi - гiганцкая Бетэльгейзе дасягнула ў той час свайго зенiту.

Было ўжо так горача, а вада выглядала так спакушальна, што мы з Левэнам адразу ж падумалi пра адно i тое ж. Скiнуўшы адзежу, мы хацелi былi нырнуць у возера ўнiз галавою, але прафесар сказаў, што, апусцiўшыся колькi хвiлiн назад на невядомую планету, варта дзейнiчаць больш асцярожна. А што, калi гэта не вада, а якаясь iншая вадкасць, можа, нават ядавiтая? Ён сам наблiзiўся да берага, сеў на кукiшкi, прыгледзеўся, прынюхаўся i толькi тады акунуў у возера палец. Потым зачарпнуў троху падазронай вадкасцi ў далонь i пакаштаваў яе нарэшце на смак кончыкам языка.

- Напэўна, вада, - прамармытаў Антэль.

Ён нахiлiўся ўперад, каб яшчэ раз апусцiць руку ў возера, i раптам бы скамянеў. Пасля ўскрыкнуў i паказаў пальцам на след на пяску. Большага ўзрушэння я, здаецца, не адчуваў нiколi! Над нашымi галовамi палала агромнiстая Бетэльгейзе, а на вузкiм лапiку сырога пяску абсалютна выразна вымалёўваўся след чалавечай нагi.

Раздзел V

- След жаночай нагi, - пераканана сказаў Артур Левэн.

Такая рашучая заява дрыготкiм ад хвалявання голасам не здзiвiла мяне анi. Вытанчанасць i незвычайная прыгажосць адбiтку на пяску кiдалiся ў вочы. У тым, што гэта след чалавечай нагi, не было нiякiх сумненняў. Мажлiва, тут прайшоў юнак або мужчына маленькага росту, але куды больш пэўна можна было сказаць, што след належыць якойсьцi прыгажунi.

- Значыцца, Сарора населена людзьмi, - прамармытаў прафесар.

У ягоным голасе прагучала вельмi непрыемная мне нотка расчаравання. Антэль прывычна пацiснуў плячыма i стаў аглядапь разам з намi пясчаны бераг возера. Мы знайшлi яшчэ колькi слядоў той самай iстоты. Неўзабаве Левэн знайшоў за некалькi метраў ад берага яшчэ адзiн след - ужо на сухiм пяску, але таксама вiльготны.

- Яна была тут сама больш хвiлiн пяць назад! - сказаў Левэн. - Купалася тут, пачула нашы галасы i ўцякла.

Мы ўсе былi перакананыя, што след належыць жанчыне. Затаiўшы дыханне, пачалi ўзiрацца ў лясны гушчар, але там нiводзiн сучок не трэснуў.

- У нас яшчэ будзе час пазнаёмiцца, - сказаў Антэль, зноў пацiснуўшы плячыма. - Але калi тут купаўся чалавек, значыцца, i мы можам асвяжыцца, нiчога не баючыся.

Шаноўны прафесар умомант скiнуў з сябе адзежу i адразу ж палез у возера. Услед за iм адважыўся i я. Пасля доўгага пералёту вада здалася нам такой свежай, такой прыемнай, што, зайшоўшы ў яе, мы адразу ж забылiся на сваё адкрыццё. Толькi Левэн задумаўся аб нечым i стаяў на месцы бы ўкапаны, усё роўна як i не з намi ён быў, а дзесьцi зусiм далёка адсюль. Я ўжо хацеў падражнiць яго, як раптам убачыў уверсе, над вадаспадам, жанчыну!