Читать «Планета малпаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 87

Пьер Буль

У Карнэлiя багата ворагаў, i ён не асмельваецца дакляраваць сваё адкрыццё. Дый цi хоча ён гэта рабiць, ведаючы, якая рэакцыя будзе ва ўладаў? Клан арангутанаў на чале з Заюсам iнтрыгуе супраць яго. Ужо гавораць пра змову супраць малпавай расы, i мяне больш-менш адкрыта аб'яўляюць адным з арганiзатараў гэтае змовы. Гарылы пакуль не прынялi нiякага афiцыйнага рашэння, але яны заўсёды выступаюць супраць усяго, што ўплывае на стабiльнасць грамадскага парадку.

Сённяшнi дзень я запомню на ўсё жыццё. Здарылася такая доўгачаканая падзея! Спачатку мяне перапоўнiла радасць, але потым, адумаўшыся, я скалануўся ад прадчування блiзкае небяспекi. Нова нарадзiла хлопчыка.

Цяпер у мяне дзiця, сын ад жанчыны з планеты Сарора. Я яго ўжо бачыў. Гэта было няпроста зрабiць. Iмкнучыся захаваць тайну, iнстытуцкiя ўлады акружылi Нову яшчэ больш строгiмi забаронамi, i апошнi тыдзень перад родамi мне не ўдалося наведаць яе анiводнага разу. Гэта Зiра паведамiла мне, што я стаў бацькам. Яна ўжо застанецца верным сябрам, што б нi здарылася. Я так расхваляваўся, што Зiра сама вырашыла зладзiць мне спатканне з маёй новай сям'ёю. Але зрабiць гэта ёй удалося толькi праз некалькi дзён, дый тое позна ўначы, бо ўдзень з дзiцяцi не зводзяць вачэй.

Якi цудоўны хлопчык! Ён ляжаў на саломе побач з маткаю, усё роўна як новы маленькi Хрыстос. Ссаў цыцку ў сваёй мацi. Хлопчык падобны на мяне, але адначасна ўзяў усё сама прыгожае ад Новы. Дарэчы, калi я толькi прачынiў дзверы, Нова сустрэла мяне пагрозлiвым рыкам. Яна таксама чуе небяспеку. Выставiўшы перад сабою скурчаныя пальцы, яна ўскочыла на ногi, гатовая разадраць ворага, але потым пазнала мяне i супакоiлася. Перакананы, што, стаўшы маткаю, Нова адразу ўзнялася яа некалькi прыступак эвалюцыi. Цьмяная iскрынка розуму ў яе вачах змянiлася нязгасным агнём. Я з захапленнем i пяшчотаю цалаваў свайго сына, стараючыся не думаць пра хмары, што ўжо збiралiся над нашымi галовамi.

Ён вырасце чалавекам, сапраўдным чалавекам - у гэтым я не сумняваюся. Розум свецiцца ў кожнай яго рысачцы, у кожным позiрку. Мне ўдалося зноў запалiць у чалавечым родзе гэтай планеты святое полымя думкi. Дзякуючы мне цывiлiзацыя людзей Сароры адродзiцца i зноў дасягне росквiту. Калi мой сын вырасце, ён стане заснавальнiкам цэлага роду...

Калi мой сын вырасце! Мяне пачынае калацiць пры адной толькi думцы пра тое, у якiх умовах ён цяпер знаходзiцца i якiя выпрабаваннi чакаюць яго яшчэ. Але мы ўтраiх пераможам любыя перашкоды, я ўпэўнены. Так, менавiта ўтраiх, я не памылiўся, бо Нова цяпер ужо зусiм не тая, якая была раней. Каб упэўнiцца ў гэтым, досыць паглядзець, як яна любуецца сваiм дзiцёнкам. Праўда, яна яго ўсё яшчэ вылiзвае, як усе чалавечыя маткi на Сароры, але твар у яе пры гэтым асэнсаваны.