Читать «Пасаг (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Мопассан Ги Де

- Хочаш, дарагая, сходзiм спачатку паснедаем на бульвары, а пасля спакойна вернемся па багаж i паедзем у гатэль.

Яна адразу згадзiлася:

- О! Добра, паснедаем у рэстаране. А ён далёка?

Муж адказаў:

- Ага, далекавата, але мы паедзем у омнiбусе.

Яна здзiвiлася:

- А чаму не на фiякры?

Ён дабрадушна забурчаў:

- Бач якая ты зборлiвая, браць фiякр на пяць хвiлiн дарогi, кожная хвiлiна - шэсць су, багата жывеш.

- I праўда што, - трохi сумеўшыся, сказала яна.

Мiма якраз праязджаў вялiзны омнiбус, якi цягнулi трое коней. Лебруман крыкнуў:

- Кандуктар, гэй, кандуктар!

Непаваротлiвая махiна прыпынiлася, i малады натарыус падштурхнуў жонку, сказаўшы ёй:

- Прайдзi ў сярэдзiну, а я залезу наверх, выкуру перад снеданнем хоць адну цыгарэту.

Яна не паспела адказаць, бо, каб дапамагчы ўскочыць на прыступку, кандуктар падхапiў яе пад руку i ўцягнуў у салон. Ашаломленая, яна ўпала на лаўку i, збянтэжаная, убачыла праз задняе акно ногi мужа, якi караскаўся на iмперыял.

Маладая жанчына апынулася памiж тоўстым панам, якi пахнуў люлькай, i старой, ад якой патыхала сабакам.

Астатнiя пасажыры, якiя моўчкi сядзелi радком, - служка з бакалейнай крамы, работнiца, сяржант-пехацiнец, васпан з залатымi акулярамi i ў ядвабным капелюшы з вялiзнымi, закручанымi ў трубку палямi, дзве самавiтыя надзьмутыя панi, што нiбы казалi сваiм выглядам: "Мы тут, але не раўнуйце нас з тымi", дзве манашкi, проставалосая дзяўчына i далакоп - былi падобныя на збор карыкатур, на музей гратэскаў, здавалiся галерэяй шаржаў на чалавека, камiчнымi лялькамi, у якiх страляюць у кiрмашовых цiрах.

Ад хiстанняў омнiбуса галовы пасажыраў матлялiся i гойдалiся, трэслася друзлая скура на шчоках; колы падскоквалi, i людзi здавалiся ачмурэлымi i соннымi.

Маладая жанчына адчувала млявасць.

"Чаму ён не пайшоў са мною, - думала яна. Яе прыгнятаў несвядомы сум. Ён, пэўна, мог бы абысцiся без гэтай цыгарэты".

Манашкi далi знак спынiцца i злезлi, пакiнуўшы па сабе прэсны пах старых спаднiц.

Омнiбус паехаў i зноў спынiўся. Увайшла чырвоная, задыханая кухарка. Яна села i паставiла на каленi кошык. На ўвесь салон моцна тхнула памыямi.

"Едзем далей, чым мне здавалася", - падумала Жана.

Далакоп выйшаў, i на яго месца сеў фурман, ад якога патыхала стайняй. Месца проставалосай заняў пасыльны, ад ног якога бiў пах усёй яго дзённай хаднi.

Жане было кепска, моташна, i немаведама чаму ёй хацелася заплакаць.

Адны людзi выходзiлi, другiя сядалi на iх месцы. Омнiбус ехаў па бясконцых вулiцах, спыняўся на прыпынках, зноў ехаў.

"Так далёка, - думала Жана. - Толькi б ён не прамiнуў гэтага рэстарана, толькi б не заснуў. Ён так стамiўся за апошнiя днi".

Трохi-патроху вагон пусцеў. Яна засталася адна, зусiм адна. Кандуктар абвясцiў:

- Важырар!

Жанчына не ўставала з месца, i ён паўтарыў:

- Важырар!

Яна паглядзела на яго, разумеючы, што гэта сказалi ёй, бо нiкога больш не было. Мужчына паўтарыў трэцi раз:

- Важырар!

Тады яна спыталася:

- Дзе мы?

Ён грубавата адказаў:

- Важырар, Божа мой, па дваццаць разоў вам казаць!

- А гэта далёка ад бульвара? - сказала яна.