Читать «Нараджэнне майстра (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Андрэ Моруа
- А можаш ты, - запытаў ён нарэшце, - аб'явiць урачыста i зусiм сур'ёзна Каснеўскай i некаторым iншым, што апошнiя дзесяць гадоў распрацоўваеш новы творчы метад?
- Хто? Я?
- Пачакай... Я апублiкую ў часопiсах парачку артыкулаў для нашай "элiты" i паведамлю, што ты засноўваеш iдэааналiтычную школу жывапiсу. Да гэтага часу партрэтысты ў сваiм невуцтве вывучалi чалавечае аблiчча. Глупства! Сапраўдная сутнасць чалавека - гэта тыя вобразы, якiя ён абуджае ў нас. Напрыклад, партрэт палкоўнiка: блакiтны з золатам фон, а на iм пяць вялiзных пагонаў, у адным кутку - конь, у другiм - крыжы. Партрэт фабрыканта: заводская труба i здаравенны кулак на стале. Разумееш, П'ер Душ, якую ты навiну нясеш свету? Скажы мне, зможаш ты намаляваць за месяц дваццаць iдэааналiтычных партрэтаў?
Мастак журботна ўсмiхнуўся:
- За адну гадзiну намалюю. Але сумна тое, Глез, што, каб я быў чалавекам iншым, твая выдумка, можа, i ўдалася б.
- Паспрабуем.
- Я не ўмею трапаць языком.
- Вось што, галубчык... Калi цябе папросяць растлумачыць, ты, не спяшаючыся, запалi сваю люльку, пусцi ў твар таму, хто пытае, воблака дыму i, памаўчаўшы, скажы так: "Вы бачылi калi-небудзь, як цячэ рака?"
- А што гэта азначае?
- Нiчога, - адказаў Глез. - Вось таму i палiчаць, што ты - сiла. Пачнуць цябе раскрываць, вывучаць, захапляцца табой, а потым, калi ты ўжо будзеш на вяршынi славы, мы i прызнаемся, што ўсё гэта мiстыфiкацыя. Цiкава, як яны будуць сябе адчуваць?
* * *
Мiнула два месяцы. Выстава карцiн Душа ператварылася ў сапраўдны трыумф. Пахучая, пявучая, iмклiвая, чароўная панi Каснеўская не адыходзiла ад свайго новага кумiра.
- Ах! - паўтарала яна. - Якая экспрэсiя! Якая выразнасць! Якая сiла! I якiм чынам, дарагi сябар, вы дабiлiся такога цудоўнага сiнтэзу?
Мастак, не спяшаючыся, запалiў сваю люльку, выпусцiў воблака дыму i, памаўчаўшы, сказаў:
- Мадам, вы бачылi калi-небудзь, як цячэ рака?
Вусны прыгожай полькi задрыжалi, абяцаючы яму пахучае i пявучае шчасце.
Малады блiскучы Струнскi ў палiто з трусiным каўняром тлумачыў групе наведвальнiкаў:
- Файна! Файна! Магутна! Скажыце мне, Душ, як вы натрапiлi на такое адкрыццё? Цi не з маiх артыкулаў?
П'ер Душ доўга маўчаў, потым выпусцiў яму ў твар воблака дыму i прамовiў з надзвычайнай сур'ёзнасцю:
- Дарагi мой, вы бачылi калi-небудзь, як цячэ рака?
- Файна сказана! Магутна! - аслупянеў Струнскi.
Тым часам вядомы гандляр карцiнамi, закончыўшы агляд майстэрнi, падхапiў мастака пад руку i зацягнуў яго ў куток.
- Душ, дружа мой, - сказаў ён, - а вы - хiтрун! На гэтым можна выскачыць. Так i быць, бяру вашу прадукцыю. Толькi не ўздумайце без майго дазволу мяняць манеру. Купляю пяцьдзесят карцiн у год... Згодны?
Нiчога не адказаўшы, П'ер Душ спакойна палiў.
Мала-памалу майстэрня апусцела. Наведвальнiкi выйшлi, i Поль-Эмiль Глез зачынiў дзверы. З лесвiцы, паступова аддаляючыся, даносiўся гул захаплення. Застаўшыся з мастаком сам-насам, пiсьменнiк весела засунуў рукi ў кiшэнi.
- Ну як, галубчык, - запытаў ён, - абкруцiлi мы iх вакол пальца? Чуў, што гаварыў гэты смаркач з трусiным каўняром? А прыгожая полька? А тры дзяўчынкi-красунi? Яны гатовы былi малiцца на цябе: "Ой, як нова! Ой, як свежа!" Ах, дарагi П'ер, ведаў я, што чалавечай дурасцi канца няма, але тое, што адбылося сёння, перавысiла мае самыя горшыя меркаваннi.