Читать «Меч Рагвалода» онлайн - страница 26
Алесь Петрашкевіч
Кірыла. Князя Усяслава ворагі яго ў поруб кінулі, каб згнаіць жывым. Я ж сам сябе пасадзіў у стоўп. У адзіноце і пакутах шукаў выйсця з зачараванага кола міжусобіц, у якія загналі сябе ўладарцы багаццяў і чужых жыццяў. Там і скончыў працу сваю шматгадовую. Уславіў подзвіг, асудзіў самалюбства, карыслівасць і здраду, паспрабаваў хоць у думках вярнуць суайчыннікаў нашых да эпохі мудрага Усяслава. Можа, тое, што было на яго і нашым вяку, хоць неяк папярэдзіць тое, што мусіць быць. (Урывак са «Слова аб палку Ігаравым» чытае ўрачыста, узнёсла.)
Журба па Рускай зямлі разлілася разводдзем, Ды пацякла ненасытная жальба ў народзе. А на сябе самі князі загубства кавалі, А тут паганыя самі адны не чакалі, Панаваліўшысь на Рускую землю з пабедай, Дань вымагалі па [дзеўчыне] з двара даўным следам… «Яраславе і ўнукі вы ўсе Усяслава! Апусціце ўжо сцягі свае, Пахавайце мячы пашчарбаны, бо слава Ужо дзедава вас не спаўе! Вы бо сваркай сваёй напусцілі Скрозь паганых па Рускай зямлі, Па надзеле Ўсяслава, з чаго і насіллі Ад зямлі Палавецкай пайшлі». У сёмы Траянавы век Уздумаў Усяслаў варажыць Аб мілай дзяўчыне сабе, Што з славай яго заручыць. Пусціўшыся ў хітрыкі, ён На борздага ўсеўся каня I скочыў, памчаўся чым свет Да Кіева-грода, да дня. I кіеўскі дзідаю там Пасад дакрануў залаты; Ад іх скочыў зверам лютым З Белгорада ў поўнач; тады Ахутаўся сіняю мглой, А раннем, узняўшысь да зор, Навограду браму лязом Сякераю насцеж адпёр. Разбіў Яраслававу там Прыдбаную славу мячом I скочыў праз поле і лог К Нямізе з Дудутак ваўком. На Нямізе снапы сцелюць Галавамі, А малоцяць жа стальнымі Іх цапамі. На таку жыццё кладзецца Неспадзейна, I душу ад цела веюць Безнадзейна. Берагі ў крыві Нямігі Па калені; Не дабро на іх пасеяў Сейбіт жменяй. А былі яны гусценька Ў процьмах вузкіх Там засеяны касцямі Сыноў рускіх. Усяслаў-князь людзям суд судзіў, Гарадамі князёў надзяляў, А сам поначы, свету на здзіў, Ваўкалакам ці воўкам гуляў, Ён бо з Кіева да петухоў Горад Тмутаракань дасцігаў I вялікаму Хорсу без слоў Воўкам шлях борзда перабягаў. Таму ў Полацку рана званы Пазванілі ў Сафеі святой Да завутрані, — ён жа праз сны Ужо ў Кіеве звон чуе той. Хоць і вешчая, кажуць, душа У дзёрзкім целе ягоным была, Але часта бяды без нажа Нацярпеўся, што доля дала. Сцэна паволі зацямняецца. Адзін за адным знікаюць прашчуры і нашчадкі Усяслава. У поўнай цемры асвятляецца Летапісец.