Читать «Мах і Шэбестава вандруюць па свеце» онлайн - страница 8

Мілаш Мацоўрак

І ва ўсіх ад здзіўлення адразу ж паадвісалі сківіцы, бо ў гэтай вялізнай пячоры паўз усе сцены былі паліцы, запоўненыя залатымі талеркамі і міскамі, накрыўкамі і конаўкамі, апалонікамі і мяшалкамі, на самым версе стаялі залатыя начоўкі, а ў самым нізе ляжалі горы пярсцёнкаў, Шэбестава адразу выбрала адзін з сэрцайкам, але ж спадарыня Крэчкава страціла да пярсцёнкаў усякую цікавасць: з сіняй торбы яна павыкідала ўсё, што купіла на вячэру, з чырвонай выкінула ласты, абедзве торбы напоўніла залатымі апалонікамі і мяшалкамі, вырвала ў Маха з рук слухаўку, сказала, што зараз жа хоча быць на Стамбульскай вуліцы, і знікла.

Слухаўка сказала: «На стамбульскай вуліцы, дык на стамбульскай вуліцы», — і так спадарыня Крэчкава апынулася на вуліцы ў Стамбуле, найвялікшым горадзе Турцыі; яна паставіла торбы на зямлю, слухаўку паклала ў сінюю, потым агледзелася, дзе, уласна, яна знаходзіцца, і ў тую ж секунду торбы зніклі — нейкі хлопец уцякаў з імі па вуліцы; спадарыня Крэчкава дзіка завішчала, потым убачыла, што за злодзеем пабег паліцыянт, але вішчаць не перастала, вакол яе ўжо сабраўся ладны натоўп, нейкі мужчына, які трохі размаўляў па-чэшску, узяўся ёй дапамагчы, але калі яна сказала яму, што яшчэ дзве хвіліны таму была ў Паўднёвай Амерыцы і нават не ўяўляе, дзе яна зараз знаходзіцца, а таксама што ў яе скралі дваццаць залатых мяшалак і трыццаць залатых апалонікаў, ён падумаў: «Божачкі, гэтая жанчына, пэўна, звар'яцела», — выклікаў хуткую дапамогу, і не паспела спадарыня Крэчкава вокам міргнуць, як апынулася ў вар'ятні.

А Мах з Шэбеставай сядзелі ў перуанскай пячоры і чакалі, ці вернецца па іх спадарыня Крэчкава; гэтак сабе сядзелі і сумавалі, пакуль Шэбестава ўрэшце не сказала: «А ну годзе, мне гэта ўжо надакучыла, мы хацелі купацца, дык і пойдзем купацца», — а Мах сказаў: «Праўда што», — пасля чаго яны ўзялі ласты, выбраліся з пячоры і пайшлі, вакол былі джунглі, што кішэлі малпамі і папугаямі, над вялікімі кветкамі лёталі маленечкія калібры, а Мах з Шэбеставай ішлі ўсё далей і далей; нарэшце Мах кажа: «Цікава, як мы да шасці трапім дадому, мы ў Паўднёвай Амерыцы, а слухаўка ў нас бог ведае дзе», — а Шэбестава кажа: «А мне цікава, як мы вернем Джанатана спадарыні Кадрножкавай, калі мы нават не ведаем, дзе ён, небарака, знаходзіцца», — і толькі яна гэта сказала, як убачыла за дрэвамі раку шырынёй не менш за пяць кіламетраў і сказала: «Гэй, Мах, гэта ж Амазонка, калі б спадарыня Крэчкава з намі засталася, яна б магла выкупацца ў найвялікшай рацэ свету», — на што Мах кіўнуў галавой і сказаў: «Цікава, што яна зараз робіць?»

А няшчасная спадарыня Крэчкава была ў вар'ятні, апякаў яе доктар Цюблек — дробны мужчына ў белым халаце і з доўгаю барадой, клапаціўся ён пра яе проста ўзорна: даў ёй халат, тапачкі і нават выклікаў перакладчыка, і той перакладчык якраз казаў: «Паслухайце, спадарыня, доктар Цюблек у вас пытаецца, як вы трапілі да нас у Турцыю?» — і тады спадарыня Крэчкава пачала распавядаць пра чарадзейную слухаўку, аднак доктар Цюблек яе адразу ж перапыніў і сказаў: «Так, пачакайце, калі вы будзеце вярзці такую лухту, дык адсюль ніколі ў жыцці не выберацеся», — але ў той міг з'явіўся паліцыянт, што бег за рабаўніком, і прынёс спадарыні Кадрножкавай торбы, якія той нягоднік, уцякаючы, кінуў, золата ў іх, натуральна, ужо не было, але слухаўка ў сіняй торбе, на шчасце, засталася, а ў чырвонай сядзеў зусім малюпасенькі Джанатан, і спадарыня Крэчкава падумала: «Ну, зараз я гэтаму доктару пакажу, хто вярзе лухту», — пасля чаго сказала пару словаў у слухаўку, і ў той самы момант доктар Цюблек са спадарыняй Крэчкавай і абедзвюма торбамі апынуліся ў залатой пячоры ў Перу.