Читать «Мах і Шэбестава вандруюць па свеце» онлайн - страница 21

Мілаш Мацоўрак

Дома ў Шэбеставай яны пачакалі, пакуль бацькі пойдуць у горад, Мах надзеў плаўкі, а Шэбестава купальнік, з хатняй майстэрні спадара Шэбесты яны ўзялі ў якасці груза дзве каробкі цвікоў, паклалі іх у торбы, якія пачапілі сабе на плечы, знайшлі маскі для падводнага плавання, і калі былі гатовыя, слухаўка даставіла іх на Гавайскія выспы, якраз на месца трагедыі; там была страшэнная спёка, паўсюль натоўпы выратавальнікаў і журналістаў — і ўсе ў плаўках ці ныральных касцюмах; там Мах выцягнуў слухаўку, якая ляжала ў торбе з цвікамі, папрасіў, каб яны вытрымалі ў вадзе без дыхання хаця б гадзіну, і калі слухаўка сказала: «Няма праблемаў», — абое ўвайшлі ў Ціхі акіян і паплылі да патанулага карабля.

Пад вадой усё выглядала, як у вялізнай аранжарэі, яны праплывалі сярод скалаў, аблепленых караламі з мноствам рознакаляровых галінак, бачылі жоўтыя і чырвоныя актыніі, якія выглядалі як ажылыя кветкі, там-сям заўважалі вялікія і малыя зоркі, разглядалі вялізных крабаў з ружовымі панцырамі і паўметровымі клешнямі, асьміногаў, якія хаваліся ў шчылінах скал, насустрач ім праплывалі цэлыя хмары паласатых рыбак — белых, жоўтых, сініх і чырвоных; але каробкі з цвікамі цягнулі іх усё ніжэй і ніжэй, і нарэшце яны апынуліся на самым дне, дзе ляжаў на борце вялізны цеплаход, які выглядаў як шматпавярховы дом, пакладзены на бок; Мах з Шэбеставай заплылі ўнутр і апынуліся ў вялікім рэстаране, дзе плавалі рыбы, у якіх у роце былі біфштэксы і катлеты; з рэстарана яны паплылі далей і апынуліся ў вялізнай кухні, дзе рыб было яшчэ больш — яны біліся між сабой за спагеці, бульбу фры і грушавыя кнэдлікі; і тут у кухню заплыла акула, у зубах яна трымала сакваяж з намаляванымі зайчыкамі, убачыўшы які, Мах схапіўся за галаву і падумаў: «Мамачка родная, гэта ж сакваяж інжынера Арышка; гэтая акула, пэўна, знайшла яго ў каюце і падумала, што ён поўны зайцоў на смятане», — але Шэбестава, якой да галавы прыйшло тое самое, не раздумвала так доўга, як Мах, а ўзяла парасячы кумпяк, які заўважыла за шклом у электрадухоўцы, і прапанавала яго акуле; тая адпусціла сваю ношу, схапіла ў зубы кумпяк і тут жа знікла, пасля чаго Шэбестава падабрала сакваяж, кіўнула Маху і абое паплылі на паверхню.

А наступнай раніцай Мах з Шэбеставай прыйшлі ў школу крыху раней, чым звычайна, і пагрукалі ў дзверы дырэктарскага кабінета; спадар дырэктар піў каву і чытаў газету, і калі ён убачыў сакваяж з вынаходкай інжынера Арышка, то вырачыў вочы і доўга не мог паверыць, што гэта не сон, а ачомаўшыся, адразу ж надзеў той апарат сабе на галаву, каб асабіста яго выпрабаваць, правадкі ён уставіў у газету, націснуў на кнопку, пачулася «бззз», і ўсе газетныя матэрыялы перакачавалі яму ў галаву: усе рэпартажы, артыкулы, спартовая рубрыка, лісты чытачоў і парады хатнім гаспадыням, уся тэлевізійная праграма, курсы валют і нават абвесткі — ад продажу ірландскіх сетэраў да куплі персідскіх кацянятаў; пасля гэтага спадар дырэктар склаў апарат у сакваяж, паклаў яго ў шафу і сказаў: «Мілыя дзеці, вы зрабілі вялікую справу для прагрэсу чалавецтва, бо з гэтага моманту ўжо не будзе ніякай цяжкасці ўвесці навучальны матэрыял у галаву любога вучня, з гэтага моманту нават самыя вялікія невукі за пяць хвілін змогуць ператварыцца ў адукаваных людзей, і ўсім настаўнікам настане рай на зямлі; заўтра ж я папрашу спадара міністра склікаць сусветную канферэнцыю педагогаў, на якой вырашыцца, ці будзе гэты апарат укаранёны ў школы ўсяго зямнога шара ўжо ў наступным годзе», — а потым яны ўсе ўтраіх пайшлі ў клас, бо ўжо празвінеў званок; у класе было надзіва ціха, Пажоўт з Горачкам гэтым разам не біліся, бо Пажоўт якраз пазычыў за бутэрброд у Горачка сшытак з песнямі гурта «Шалёныя алігатары» і разглядаў яго, спадар дырэктар іх пахваліў, а потым паведаміў класу, што ўжо ў наступным годзе, магчыма, вучобы не будзе, і ўсё дзякуючы Маху і Шэбеставай, якія адшукалі вынаходку інжынера Арышка, і цяпер той апарат ляжыць у яго ў кабінеце, але ўжо заўтра ён здасць яго ў адпаведную ўстанову, а Горачак нахіліўся да Пажоўта і сказаў яму зусім ціха: «Слухай, Пажоўт, пакуль не позна, давай выпрабуем гэтую штуковіну, і за паўгоддзе ніякіх двоек не будзе», — а Пажоўт кіўнуў галавой: «Ну канечне, давай зараз жа», — пасля чаго Горачак закрычаў: «Спадар дырэктар, Пажоўту блага, ён зараз страціць прытомнасць», — а дырэктар спалохаўся, што Пажоўт і праўда страціць прытомнасць, бо той жахліва засоп, язык у яго вылез з рота, а вочы закаціліся, і ён дазволіў Горачку адвесці свайго сябра на свежае паветра; аднак ледзь толькі яны апынуліся на калідоры, як памчалі напрасткі ў дырэктарскі кабінет, там узялі з шафы апарат інжынера Арышка, а Горачак выцягнуў падручнікі арыфметыкі і граматыкі, якія ў яго былі схаваныя за пазухай, але ж Пажоўт выцягнуў пазычаны ў сябра сшытак гурта «Шалёныя алігатары» і сказаў, што найперш ён хоча ведаць напамяць усе песні не горш за Горачка, а той пачаў на Пажоўта раўці, што першы па чарзе ён, бо гэта была ягоная ідэя, на што Пажоўт даў яму аплявуху, Горачак адказаў тым самым, і яны пачалі біцца за той апарат, як бараны, пакуль ён у іх не ўпаў на падлогу і не разбіўся ўшчэнт, прычым сталася гэта якраз у той момант, калі адчыніліся дзверы і на парозе з'явіўся бледны спадар дырэктар.