Читать «Матчын голас (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Василий Павлович Бережной

Ён слухае i слухае, быццам п'е крынiчную ваду дзесьцi на Зямлi, у засенi дрэў. А мацi паказвае вачыма на вялiзную блакiтную кулю i, панiзiўшы голас, вядзе гаворку:

- Зiрнi, сынку, гэта ж цуд... Плыве ў прасторы Зямля, сама сабою, вось бачыш, снежная шапка на полюсе, а як адблiсквае акiян. Калыска жыцця! I як жа гэта так - узяць i пакiнуць гэтую казачную красу?..

У яго быццам расплюшчылiся вочы, ён зiрнуў на родную планету i ўбачыў, якая яна дзiвосная - сапраўдны цуд прыроды!

Невядомае дагэтуль пачуццё ахапiла яго - зашчымела сэрца.

- Дык калi ж у цябе водпуск?

- Невядома, мама... Таму i запрасiў, што сам не ведаю... Невядома, калi ўбачымся...

А сам добра разумеў, што водпуску ўжо не будзе. I мацi бачыць у апошнi раз. Халадок далёкага - ой якога далёкага! - падарожжа поўнiў ужо ягоныя грудзi.

- Пастарайся хоць на восень, - кажа яна, як просiць. - Якраз яблыкi, iгрушы... Ды i кавуны...

- Думаеш, мне не хочацца пахадзiць басанож па расе?

- Вось i паходзiш. Пагасцюеш у сваякоў, таварышаў.

Не, мацi i думаць не можа, што сын скiруецца ў космас i навекi страцiць усiх сваiх блiзкiх.

- А нашу сажалку паглыбiлi, колькi там рыбы! Ты ж любiш рыбал...

- Дзяжурнага аператара на вахту! - прагрымела з дынамiка.

Кранулiся кнопкi, экранчык пагас, матчын голас змоўк.

- Iду.

Ён часцяком пракручвае гэты запiс i як быццам зноў ходзiць з мацi па Месяцы, бачыць родную планету. Бо яны ўсё ж пакiнулi сваё Сонца, нават у тэлескопе яно бачнае адгэтуль зорачкай 12-й велiчынi. А Зямлi ўжо даўно не вiдаць.

Чаму яны паляцелi? Бо маладыя. I чалавецтва маладое.