Читать «Лебядзіны скіт» онлайн - страница 4

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Рыхтуйся да страты.

— Яны паляцелі на родныя гняздоўя. Ці спужаюся страты, калі слёзы і гора цэлай зямлі не спудзіўся я прыняць на свой карак. Яны цякуць да родных хат, будзе жыва родная зямля. Карайце.

— Як ты зрабіў гэта? мякка спытаў Юсуфі.

— Верыў і любіў. Калі хоць адзін чалавек астаўся на роднай зямлі яна не загіне. І зямля паслухалася мяне яна не дала згінуць дзеткам сваім. На родных гняздоўях зноў у людзей ператварацца яны.

— Разбураны іх гняздоўя, з сумам сказаў паэта.

Нукеры хана схапілі старыка, а ён казаў улятаўшым птушкам, быццам яны маглі чуць яго:

— Ляціце, белыя лебедзі, ляці, птаства. Падымуца вашыя хаты, і кветкі пакрыюць пажар. Не шкадуйце аба мне, бо слёзы вашыя ў камень абярнулі мяне, у камень, які плача.

Нукер гастрыў меч, а Юсуфі іранізаваў:

— Працуй, працуй, твой твар, як і твар твайго хана з'яўляецца ступнёю, якая не мае сораму. Імёны вышыя хай не апаскудзяць слуху патомкаў, бо на вачах вашых забіваюць багатура, наваліўшыся цэлым войскам, а калі гурба нападае са зброяй на аднаго заўсёды вінна гурба.

А старац стаяў на каленях і маліўся.

— Шчасця дай, маці-зямля, дзеткам сваім, поўных закрамоў хатам і крычашчых калысак бабам. Дай ім улетку цёплых дажджоў, увосеь сонца, утульнага снегу зімою і кахання і працы вясной. Літасцівай будзь да яе воінаў, зрабі светлымі хаты і жыццё іх. Скамянеўшаму ад гора, дай мне камянём скончыць свой век.

— Уладар! крыкнуў нукер хану. Меч не бярэ яго шыi. Гэта святы.

І тут усе пабачылі, што твар дзеда становіцца шэрым, маршчыны застыгаюць на ім, камянеюць рукі.

Праз паўгадзіны на месцы старыка ўжо стаяў камень, з-пад якога тачыліся слёзы, збягаліся ў ручаёк, струменьчыкамі беглі да возера. Камень плакаў.

— Так, сказаў узрушаны Юсуфі, той, хто памірае за свой люд заўсёды святы. Памяць маці сваёй і героя ніхто не рашыўся зняважыць.

І раптам хан хвастануў карбачом каня і шалёна паскакаў прэч. Варта і палкі кінуліся за ім. Юсуфі дагнаў хана.

— Едзем з гэтай страшнай зямлі, дзе плачуць нават камні і змагаюцца нават слабыя, мармытнуў хан.

І заўсёды п'яны Юсуфі дабавіў:

— Едзем з гэтай добрай зямлі, хай светлае сонца ззяе над ёю.

Калі на бугры яны павярнуліся назад камень ляжаў нерухомы, точачы бясконцыя слёзы, а над каменем, над возерам, над пушчаю безупынку кружлялі белыя лебедзі.

Хан спытаў злосна:

— Чаму гэты старац не баяўся майго гневу?

Мудры Юсуфі адказаў:

— Што там ты! Самы моцны гнеў хана слабейшы за самую ціхую ўдзячнасць народа. Хіба калі ён узнімаецца не дрыжыць твая кібітка.

І хан прагаварыў ціха:

— Юсуфі! Калі-небудзь я зламаю табе хрыбет за праўду. І чакаць гэтага засталося нядоўга.

— Ну што ж. Такі, відаць, лёс паэты. А да таго часу я буду гаварыць яе, праўду. Што ты зробіш з ёю? Мо тое, што з тым старцам?

Яны пакідалі балотную зямлю, а за імі быццам вішні асыпалі лугі белым пухам сваіх кветак. Прызыўна трубілі лебедзі, кружлялі, падалі на ваду, і ў крыках іх гучала радасць.

Камень тачыў слёзы.

Кажуць, з таго часу Белая Русь і празываецца "белай". Ад лебядзінага апярэння стала белай вопратка ў яе людзей.