Читать «Ліст да заложніка» онлайн - страница 9

Антуан де Сент-Экзюпери

Вось тут і адбыўся цуд. 0, цуд выключна непрыкметны. У мяне не аказалася цыгарэт. Адзін з маіх канвойных курыў, і я жэстам папрасіў у яго цыгарэту, пры гэтым ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Чалавек спачатку выпрастаўся, павольна правёў рукой па лбе, потым паглядзеў ужо не на мой гальштук, а мне ў твар і, на бязмежнае маё здзіўленне, усміхнуўся таксама. Гэта было як світанне.

Гэты цуд не тое каб развязаў драматычную сітуацыю, ён проста растварыў яе, як сонечнае святло растварае начны змрок. Ніякай драматычнай сітуацыі больш не існавала. А разам з тым, знешне гэты цуд нічога не зыначыў. Цьмяная карасінавая лямпа, стол з растрэсенымі на ім паперамі, людзі каля сцяны, колер рэчаў, пахі — усё засталося ранейшае. Але кожная рэч аказалася зыначанай у самой сваёй сутнасці. Гэтая ўсмешка азначала маё вызваленне. Гэта быў знак, такі ж вырашальны, такі ж відавочны па сваіх бліжэйшых выніках, такі ж беспаваротны, як усход сонца. Ён адкрываў новую эру. Нішто не змянілася, і змянілася ўсё. Стол з параскіданымі на ім паперамі стаў жывы. Карасінавая лямпа стала жывая. Сцены сталі жывыя. Дакука, што нібы волкасць, пакрывала ўсе рэчы ў мёртвым склепе, выпарылася, чарадзейна знікла. Быццам узнавілася невідочная цыркуляцыя крыві, якая знітавала ўсе рэчы ў адзінае цэлае і вярнула сэнс кожнай з іх у паасобку.

Ніхто не крануўся з месца, аднак людзі, якія яшчэ секунду назад здаваліся мне болей далёкімі, чым дапатопныя страшыдлы, раптам напоўніліся блізкім зместам. Мяне ахапіла незвычайнае пачуццё наяўнасці. Наяўнасці чалавека! I нашай роднасці.

Канвойны, які мне ўсміхнуўся і які за секунду да гэтага быў усяго толькі нейкай функцыяй, прыладай, нейкім пачварным насякомым, раптам аказаўся трошкі нязграбным, амаль бянтэжлівым, падкупальна бянтэжлівым юнаком. Не тое што гэты тэрарыст стаў меней грубы, чым любы іншы, але абуджаны ў ім чалавек так хораша выявіў ягоную безабароннасць! Мы, мужчыны, часта нацягваем на сябе маску непарушнай упэўненасці, але ў глыбіні душы кожнаму з нас вядомы і нерашучасць, і сумненні, і туга…

Яшчэ не было сказана ні слова. Аднак усё было ўжо вырашана. Калі апалчэнец падаў мне цыгарэту, я ўдзячна паклаў руку яму на плячо. Лёд быў раскрышаны, і другія апалчэнцы таксама сталі проста людзі, і я ўвайшоў у іхнія ўсмешкі, як у новую, разнасцежаную мне краіну.

Мяне ахінула іхняя ўсмешка, як некалі ахінула ўсмешка нашых ратаўнікоў у Сахары. Выявіўшы нас пасля некалькіх дзён пошукаў і прызямліўшыся як мага бліжэй, таварышы шырока крочылі да нас, здалёк паказваючы бурдзюкі з вадой, якімі яны размахвалі ў прыўзнятых руках. Пра ўсмешку выратавальнікаў, калі я тануў, пра ўсмешку тых, хто тануў, а я ратаваў, я ўспамінаю як пра айчыну, дзе я адчуваў сябе такім шчаслівым. Сапраўдная радасць — гэта радасць саўдзельніка. Ратаванне другога чалавека — толькі нагода для такой радасці. Вада не валодае ніякімі чарамі, калі яна не стала нязмушаным дарам чалавека чалавеку.