Читать «Ліст да заложніка» онлайн - страница 6

Антуан де Сент-Экзюпери

III

Як жа стварае жыццё гэтыя сілавыя лініі, якімі мы жывём? Адкуль бярэцца сіла прыцягнення, якая цягне мяне да дома, сяброў? Якія яны, тыя вырашальныя хвіліны, дзякуючы якім існаванне гэтага сябра стала для мяне жыццёвым полюсам? Якімі патаемнымі падзеямі жывяцца нашы найшчырэйшыя прыхільнасці і — праз іх — любоў да радзімы?

Якія ж нягучныя яны, сапраўдныя дзівосы! Якія простыя яны, вырашальныя! Пра хвіліну, якую мне хочацца апісаць, я магу сказаць так мала, што мне трэба ў думках перажыць яе нанова і гаварыць да сябра.

Гэта было ў адзін з перадваенных дзён на беразе Соны паблізу Турню. Мы выбралі, каб паснедаць, харчэўню з дашчанай тэрасай, якая навісла над самай ракой. Мы паселі за простым драўляным сталом, скрэмзаным нажамі, і заказалі дзве чаркі перно. Твой доктар забараніў табе спіртное, але часам ва ўрачыстых выпадках ты ішоў на падман. Гэта быў якраз такі выпадак. Мы не ведалі самі чаму, але гэта было так. Нас перапаўняла радасць, прычына якой была меней няўлоўная, чым матэрыя святла. I ты рашыўся выпіць чарку перно. I таму што за некалькі крокаў ад нас два воднікі разгружалі шаланду, мы запрасілі іх да нашага стала. Мы паклікалі іх з тэрасы. I яны прыйшлі. Яны проста ўзялі і прыйшлі. Нам здалося, што будзе выключна натуральна паклікаць іх, — магчыма, таму, што нас перапаўняла свята. Было так відавочна, што яны адгукнуліся на наша запрашэнне. I мы чокнуліся!

Свяціла сонца. Яго цёплае мядовае святло залівала таполі на другім беразе і ўсю даліну да самага далягляду. Мы ўсе больш і больш весялелі, хоць па-ранейшаму не разумелі чаму. Проста ў прыродзе сонца было свяціць, у прыродзе ракі — цячы, трапезы — быць трапезай, воднікаў — адказаць на наш покліч і служанкі — абслугоўваць нас з такой бязмежнай прыязнасцю, нібыта яна вяла нейкае вечнае застолле. Мы ўпіваліся асалодай міру, нас ахоўвала ад уварвання хаосу ўся дасканаласць цывілізацыі. Нас перапаўняла нейкае невымоўнае задавальненне, спраўдзіліся ўсе нашы жаданні, нам ужо не было чаго хацець яшчэ. Мы адчувалі сябе чыстымі, шчырымі, светлымі і паблажлівымі. Мы не змаглі б адказаць, якая ісціна паўстала перад намі ва ўсёй відавочнасці. Але пачуццё, якое апанавала намі, было пачуццём упэўненасці. Амаль ганарлівай пэўнасці.

Так праз нас выяўляўся добры пачатак сусвету. Стварэнне туманнасцей, зацвярдзенне планет, зараджэнне першых жывых клетак, грандыёзная работа жыцця, якая прывяла ад амёбы да чалавека, — усё шчасліва знітавалася, каб расцвісці ў нас гэтай незвычайнай радасцю! Гэта было немалой удачай.

Так мы ўпіваліся асалодай ад маўклівага ўзаемаразумення і амаль рэлігіёзнай урачыстасці нашай трапезы. Нас закалыхвалі свяшчэннадзейныя рухі служанкі, і мы чокаліся з воднікамі, быццам прыхільнікі аднаго культу, хоць мы і не змаглі б сказаць якога. Адзін з воднікаў быў галандзец. Другі немец. Ён некалі ўцёк ад нацыстаў, якія праследавалі яго як камуніста, ці трацкіста, ці католіка, ці яўрэя. Не магу ўжо прыпомніць, пад якой этыкеткай падвяргаўся ганенням гэты чалавек. Ён быў сама сутнасць. I толькі гэтая чалавечая сутнасць мела значэнне. Ён проста быў сябар. I паміж намі, сябрамі, панавала згода. Ты быў згодны. Я быў згодны. Воднікі і служанкі былі згодныя. Згодныя ў чым? У выбары перно? У разуменні сэнсу жыцця? У адчуванні пяшчоты дня? Мы не змаглі б адказаць на гэтыя пытанні. Але гэтая згода была такая поўная, такая трывалая і глыбокая, яна адносілася да нейкага запавету, такога відавочнага ў сваёй сутнасці, хоць і нявыказанага словамі, што мы ахвотна згадзіліся б умацавацца ў гэтым бараку, і вытрымалі б тут асаду, і прынялі б смерць са зброяй у руках — дзеля выратавання гэтай сутнасці.