Читать «Кар"ер» онлайн - страница 189

Васіль Быкаў

Вось ці даваў толькі?

Часам, успамінаючы перажытае, Агееў не пазнаваў сябе цяперашняга, так мала ў ягоным характары засталося ад маладога Агеева. Часам можна было падумаць, што той даўні Агееў знік, перарадзіўся, падмяніўся іншым чалавекам, які не мае нічога агульнага са сваім саракагадовай даўнасці папярэднікам. Зразумела, ён пастарэў, пражыў нялёгкае жыццё, што было справай звычайнай і што ён выдатна назіраў на прыкладзе іншых. Да таго ж ён бачыў, як няўхільна мяняўся характар часу, знікаў без следу аскетычны рыгарызм нядаўніх яшчэ гадоў і неўпрыкмет, але ўладарна ў жыцці запаноўвала спаважная цвярозасць разліку, дух узаемнай цярпімасці. Але ці да лепшага гэтыя перамены ў жыцці, ён зразумець не мог. Не ў прыклад іншым, ён даўно ўжо не прымерваў свайго мінулага да пакалення сваіх нашчадкаў, яму хапала роздуму пра сябе самога і сваіх даўно ўжо не маладых аднагодкаў. Часам ён быў не ў стане ўявіць, як бы аднёсся да яго цяперашняга той даўні Агееў, які ледзьве не скончыў свой кароценькі шлях у гэтым пакінутым ім сёння кар'еры. У той час, як ранейшы Агееў быў пазбаўлены магчымасці судзіць яго цяперашняга, сам ён тысячы разоў на ўсё лады даследаваў і судзіў Агеева даўняга. Гэта было задоўжанае і малапрыемнае для абодвух следства, хаця строгі суддзя быў бясстрасны і мудры той непадкупнай мудрасцю, якая спасцігаецца толькі з вышыні пражытых гадоў. Часам дзівячыся, а часам абураючыся бязмозглаю недарэчнасцю ўчынкаў свайго абвінавачанага, мінаючы некаторыя старыя ісціны, што ўжо выйшлі ў тыраж, гэты суддзя паступова пачаў арыентавацца на сапраўдны кодэкс пастаянных каштоўнасцей, першае месца сярод якіх ён адводзіў самацэннасці самога жыцця. У тым ліку і таго, якім ён некалі так легкадумна распарадзіўся ў гэтым пасёлку. Зрэшты, як і сваім таксама…