Читать «Звер васпана Бэлёма (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Мопассан Ги Де

Тым не меней Бэлём заявiў:

- Здаецца, не варушыцца.

Кюрэ пераможна ўсклiкнуў:

- Значыць, мы яго ўтапiлi!

Усе парадавалiся такому зыходу i вярнулiся ў карэту.

Аднак ледзьве дылiжанс рушыў далей, як Бэлём зноў страшэнна залямантаваў. Звер ачуняў i проста ашалеў. Бэлём бажыўся, што цяпер ён залез ужо ў самую галаву i пажырае мазгi. Бедалага так енчыў i курчыўся, што жонка Пуарэ, падумаўшы, што ў яго ўсялiўся д'ябал, заплакала i пачала хрысцiцца. Па нейкiм часе, калi боль трохi суняўся, хворы стаў расказваць, якiя выкрунтасы ён робiць у яго вуху. Бэлём быццам бачыў яго, сачыў за iм позiркам i пальцам паўтараў кожны рух звера:

- Во-во, ужо вышэй лезе... вой!.. вой!.. вой!.. А горачка ж маё!

Канiво не вытрываў:

- Гэта, пэўна, твайму зверу жытло не даспадобы. Але ж мо як-небудзь абвыкне-такi!

Зноў зарагаталi. Канiво прадаўжаў:

- Вось заедзем у кавярню Бурбо, ты дай яму чарачку, дык ён i не варухнецца болей, праўду табе кажу!

Але Бэлёму было ўжо проста не вытрываць. Ён падняў такi лямант, быццам з яго вымотвалi душу. Кюрэ змушаны быў падтрымлiваць яго галаву. Пасажыры папрасiлi Сезэра Арлавiля спынiцца каля першага ж стрэчнага жытла.

Iм аказалася прыдарожная ферма. Бэлёма завялi ў хату i паклалi на кухонны стол, каб яшчэ раз зрабiць прамыванне. Канiво настойлiва раiў змяшаць ваду з гарэлкаю: звер нап'ецца i засне, а мо i ўвогуле аддасць канцы. Але кюрэ выбраў воцат.

На гэты раз сумесь улiвалi па кроплi, каб яна трапiла як мага глыбей, i на некалькi хвiлiн пакiнулi няведама кiм заселены орган у спакоi.

Потым зноў прынеслi тазiк, асiлкi кюрэ i Канiво адным махам перавярнулi Бэлёма на другi бок, а настаўнiк забарабанiў пальцамi па здаровым вуху пацыента, каб з хворага як мага хутчай вылiлася ўся вадкасць.

Нават Сезэр Арлавiль не стрываў, з пугай у руках зайшоў у хату паглядзець на працэдуру.

I раптам на дне ў тазiку ўсе ўбачылi чорненькую, не буйнейшую за насенiнку цыбулi кропачку. Кропачка варушылася. Гэта была блыха! Пасыпалiся ўражаныя воклiчы, потым грымнуў смех. Блыха! Ну гэта ж трэба, такая здатненькая, мiленькая блыха! Канiво ляпаў сабе па сцёгнах, Сезэр Арлавiль ляскаў пугай; рогат кюрэ быў падобны на рык асла, смех настаўнiка нагадваў чханне, а кабеты ўсцешана залiвалiся, быццам сакатлiвыя куры.

Бэлём сядзеў на стале i, трымаючы тазiк на калепях, уважлiва i сур'ёзна, з задаволеным абурэннем разглядваў пераможанае стварэнне, якое вiлося ў кроплi вады.

- Вось табе, падлюга! - буркнуў ён i плюнуў у тазiк.

Ашалелы ад смеху фурман усё паўтараў як заведзены:

- Блыха, блыха! Ах ты, чортава блошка! Чортава блошка!

Калi ўсе трохi супакоiлiся, ён гукнуў:

- Ну то што, паехалi? I так процьму часу змарнавалi.