Читать «Званы ў прадоннях азёр» онлайн

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Званы ў прадоннях азёр

Кажуць балады Палесся, Што ў даўнія злыя гады У правалах танулі замкі, Цэрквы і гарады. Азёры ўставалі над шпілямі, Палі залізваў разліў, I рыбкі ў байніцы вежаў Сотняй вясёлак плылі. Але кажуць дасюль, што ў прадоннях, Над якімі бяжыць чарот, Жывы ў гарадах падводных Стары палескі народ. Жывыя яго паданні, I песня, і мовы строй У недасяжных глыбінях, Пад сіняй азёрнай вадой. Яны зберагаюць скарбы За сябе і за нас ўсіх, А мы цягнем свой крыж штодзённы, I мы забываем іх. Але дзень настае, калі раптам На світанні, нібыта праз сон, З даляў блакітных мы чуем Ціхі падводны звон. Гэта значыць, што з вежаў нябачных, Праз світанак над мокрай лазой Клічуць жывых супакутваць Званы ў прадоннях азёр: "Прыйдзіце, каб нам убачыць На беразе кветку агню. У нас замест птушак — рыбы, Багноўкі — замест ячмяню. Але мы зберагаем Сэрца. Але нашы й вашы грахі Выкупляем мы ў прорвах азёраў, Як калісьці ў пажарах ліхіх. Прыйдзіце. I словам продкаў Вады ўскалыхніце свінец, Каб ведаць, што вы — жывыя, Што мы недарэмна — на дне. Што мы недарэмна чакаем, Калі на паверхню зямлі Узрынуць, амытыя хвалямі, Белых званіц караблі. I звон залунае вясёлы, I светла ўдараць званы Над агульнымі вечнымі сёламі Нас, азёрных, і вас, зямных". . . . . . . . . . Калі захлынаецца песня, Адчаем туманіцца зор, — Клічуць душу на Палессе Званы з прадонняў азёр.

I. Пачатак ласкавага чэрвеня

На самым пачатку ласкавага чэрвеня званы паклікалі з Мінска адразу трох чалавек. Штопраўда, аднаго, — а імя яму было, да вашага ведама, Зянон, — адначасова паклікалі і другія, браслаўскія, званы, і ён павінен быў прыяднацца да астатніх бадзяг пазней, недзе ў Мазыры. Мы вымушаны былі змірыцца з гэтым, хаця адсутнасць мастацтвазнаўцы рабіла нашу экспедыцыю крыху непаўнацэннай і, ва ўсякім разе, змяншала нашу самапавагу. Але нічога зрабіць было нельга: мастацтвазнаўцы ёсць самыя неарганізаваныя людзі на гэтай і без таго неарганізаванай зямлі.

Астатнія два былі крыху больш арганізаваныя. I вось яны, журналіст Валянцін і літаратар Уладзімір, ваш пакорлівы слуга, у належны дзень узброіліся фотаапаратамі, рукзакамі, вудамі і мужнасцю і годна ўзышлі на борт паветранага лайнера Мінск — Гомель. Выгляд у гэтых двох быў дужа неавантажны: патрапаныя курткі, нагавіцы, якія прымушалі жадаць лепшага, а на адным яшчэ і кірзавыя боты. Толькі першакласная тэхніка журналіста давала некаторае паняцце, што гэта культурныя людзі, а не басякі.

Лайнер скокнуў і высадзіў іх у старажытным горадзе на Сажы, дзе ўжо чакаў агітпараход "Маякоўскі", на якім яны павінны былі адплысці ў "краіну Палессе", зрабіць першы этап падарожжа, каб пасля ўжо самім біць ногі на нямераных палескіх дарогах.

Гомель купаўся ў сонцы, чалавечых усмешках, лістоце славутых сваіх паркаў і ў свежай фарбе на мурах свежаадрамантаваных дамоў. Не хапала толькі букетаў і хлеба-солі, якія падносіць гераічным даследчыкам і першапраходцам прыгожая супрацоўніца аэрапорта. Дабраліся мы да прычала, дзе проста ля берага прыткнуўся наш плывучы дом, кінулі рукзакі ў лялечную каюту (два ложкі і паліца для таго, хто спазніўся, бо хто позна прыходзіць — косці знаходзіць і сам сабе шкодзіць) і выбраліся ў горад.