Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

К Акула

Навет i сама дзеўка не патрапiла-б вытлумачыць як у гэну калатушу ўвязла. Спачатку марыла яе бяссоньнiцай дзявочая туга па мужчыну, каторага прадчувала гэта - нiколi мець ня будзе. Цi-ж сакрэт, што ў сваей i суседнiх вёсках дзеўкi без замужжа старэлi? А хто-ж гэта калi зьмерыў усе таемныя глыбiнi, што нясе мор васеньнiх дзявочых гадоў? Невясёлая доля-мачыха ткне ў рукi серп, граблi, мялiцу цi прасьнiцу. Нi сьлёзы, нi ўздыханьнi пры цьмяным сьвятле за калаўротам не спатоляць сэрца дзявочага, што шчымець будзе па няспоўненых спадзяваньнях, нязбытых марах. Як краска незаплодненая, паволi зьвянеш-засьмягнеш у буднях беспрасьветных. У нязьлiчонай колькасьцi прынадных вобразаў паўстане перад табой зьява замужняга быту: матчына сэрца казычачы шчэбет дзетак, ласкi мужа каханага... Нязьведанае, неасягальнае...

I нiколi пагадзiцца ня зможаш, што за iншых ты горшая. Адылi ты ўсiм на воку, цi аднаму па дарозе замiнаеш. Людзi чэрствыя асудзяць, ярлык незаслужаны прычэпяць. А цi ведаеш, што мор чужых войнаў i акупацыяў зьвёў са сьвету твайго любага, каторы дзьверы ў сямейнае шчасьце адчынiў-бы?

Цяжкi кон прыгнуў да зямлi сьпiны сялянскiя, любоў i спагаду ў сэрцах блiзкiх змарыў. Быццам краты, тачылi ў неўрадлiвай зямлi свае норы, на сонца глядзець iх адвучылi. I хто-ж гэта, сваей горыччу перапоўнены, прытулак у сваiм сэрцы тваiм цярпеньням знойдзе? Ты-ж - жыцьцёвая няўдача, звычайны правал. Ты - калека-недарэка - не змагла навет усьпялiцца на ня так высокiя ступнi замужжа. I працу, i помач тваю любiць будуць, ды як паленам табой кiдаць. Няўмольная й неспатольная доля старасьцi дзявочай.

Зусiм незаўважна зьявiўся, Парасчыну галаву адурманiў спрактыкаваны ў зводжаньнi старых i маладых дзяўчат франт "драгомiшч". Прыйшлi гутаркi й шэпты па завугольлях, прыйшлi ўздыханьнi й фiзычныя парываньнi. Таемнай салодкай глыбiнёй авалодаў згаладалым целам дрыготка-бурны ў сэксуальнай поўнi кульмiнацыйны акт. А пасьля першага кроку прыйшлi наступныя. I гэтак беспаваротна.

Ды Лявон ня спынiўся на фiзычным авалоданьнi дзяўчыны. За палкiмi цалункамi прыйшлi нашэпты зусiм iншага характару. Не агледзелася заварожаная дзеўка, пакуль яшчэ зацяжарыла, як ногi ейныя босыя, пры цяжкой працы на нiвах парэпаныя, абiвалi начную расу, а за пазухай таiлiся якiя камунiстычныя афiшкi.

Запозна спанатрыла Шпунтовы хiтрыкi адурманеная Параска. Занаравiлася, упёрлася. Адылi Лявон не разгубiўся, па трапны аргумант у кiшэню ня лазiў. Калi не памаглi ласкавыя намовы, палiцыяй пагражаў. Прынесшы такi вялiкi ўрон беднай дзяўчыне, Лявон на сьвежую цалiну пайшоў, а шантажом Параску далей на падпольнай працы трымаў. I вось кара боская: прагная прынадным цялесным шчасьцем паласавацца, дзеўка глыбака ў дрыгву ўлезла. Ня было навокал ратунку. Як пясок на нязмазаных дзёгцем колах, памагалi гэтта матчыны перасьцярогi.