Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 53

К Акула

- Мы гэта-ж, таварышч камiсар, гаварылi цi варта толькi асьмелiцца, бо нiчога, ведаеце, дарагога ня можам...

Яна спынiлася, а маскаль чакаў далейшага слова.

- Ну так, прадаўжайце.

- Дык вось-жа, мы нiчога дарагога паслаць ня можам, самi ведаеце, пад польскiм iгам жылi... Можа таварыш Сталiн i каторыя другiя начальнiкi, як ён, нашага падарка ня прымуць?

Аксеня, вiдаць, не асьмелiлася падаркам пахвалiцца. Маршалкаў усьмiхнуўся, зiрнуў на Косьцiка.

- Дык ты-ж, цётка, скажы, што вы надумалi паслаць i я ўверан, што таварышч камiсар пасаветуiць цi варта пасылаць цi не, - растлумачыў Сабакевiч.

- Мы гэтага-ж, свайго дамашняга палатна надумалiся паслаць, ось што, нарэшце прызналася Аксеня. Яна зiрнула на камiсара, сарамяжлiва, быццам дзеўка перад першым прызнаньнем у каханьнi, апусьцiла вейкi. Камiсар зычлiва ўсьмiхнуўся.

- Добра, цудоўна! - усклiкнуў Маршалкаў. - Я думаю, што вы надзвычайна прыдумалi. Бяз сумнiву, таварыш Сталiн вам лiчна падзякуе. Аб вас даведаецца ўвесь народ i вы станеце прыкладам для жанчын усей рэспублiкi.

Цяпер Аксеня ўявiла сябе гэраiняй, гэт далёка за Лiтоўцамi слаўнай. Ды што там Лiтоўцы, унь аж у Маскве пра яе пачуюць. Гэта-ж ня хто iншы, як сам таварыш Сталiн асабiста ей падзяку прышле. Вось будзе што людзям паказаць. Вялiкая слава, ўжо казытала Аксенiна сэрца. Бойкая, наравiстая, агрэсыўная, гэта яна, а ня Пiлiп у хаце гаспадар. Што той Пiлiп: сядзеў вунь над калодай. малатком цюкаў, шылам калоў, фратвай прышываў. Рухавiк - яна, Аксеня. Ласкава зiрнула на сына, што стаяў побач задаволены, што матку хвалiў такi вялiкi маскоўскi начальнiк.

- А як-жа гэта, - гаварыла збоку да маскаля Аўдоля, - як-жа гэта, таварыш камiсар, паслаць падаркi? Пошты-ж цяперака нiма.

- Ды пусьцяк гэта, - махнуў Маршалкаў рукой. - Зьбярыцеся, зрабiце пасылку, напiшыця хто й каму... Вы апроч таварышча Сталiна i другiм членам палiтбюро партыi хочаце падаркi паслаць?

- Ну ўсiм-жа, усiм, - пацьвердзiла Аксеня.

- Дык от, вельмi добра, цудоўна. Падаркi перадайце мне. Я паклапачуся, каб iх адразу адправiлi ў Маскву.

Пачуўшы такую пахвалу ды абяцаньне помачы ад бальшавiцкага камiсара, паднечаныя жанчыны загаварылi ўсе разам. Энтузiязм разьлiўся ў цэлы шэраг прапановаў, каторых адразу нельга было вырашыць. Насамперш трэба была ўстанавiць хто й каму падрыхтуе падарак. Сталiна адразу прысвоiла Аксеня. Думка пра падаркi ў ейнай галiне нарадзiлiся, дый была яна цi нi найлепшай ткальляй кужалю ў вёсцы. Жанчыны згадзiлiся сабрацца на наступны дзень i падзялiць прозьвiшчы бальшавiцкiх палiтбюроўцаў.

У школьнай залi напiнаўся мяхамi й рыгаў баян. У вялiкiм коле пасярод два жаўнеры скакалi "рускага". Калi тым духу не хапiла, зьмянiлi iх iншыя скакуны. Гэткiм чынам "рускi" трываў ладны кавалак часу. Адзiн маскаль прынадзiў да скокаў Хвядосаву Маньку. Пад гул i рогат з бакоў, дзяўчына нядрэнна патрапляла чырвонаармейцу. Ногi да танцаў мела спрытныя, але недахоп практыкi ў такой акрабатыцы хуткаў выгнаў пот на лоб, дзяўчына задыхалася ды неўзабаве, пры агульным рогаце, азадкам села на падлогу.