Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 146

К Акула

Калi пару гадоў перад вайной адбарабанiў дзяцюк "чынную", далi яму ў Вiльнi чыгуначны бялет i сказалi яму цягнiком дамоў ехаць. Няпiсьменны Мiхалюк, каторага ледзь у пехаце не заганялi, пакуль левую ад правай навучыўся адрозьнiваць, больш як чатыры пары зь Вiльнi ў Лiтоўцы пехатой шкандыбаў. Дзiвiлiся людзi, што не заблудзiў, ды гэтта ськiдку давалi на тое, што навет Мiхалюкоў непаваротлiвы язык у родным краю дарогi мог дапытацца.

- Дык чаму-ж ты на поiзд ня сеў? - пыталiся яго, рагочачы.

- Дык-жа пашоў садзiцца, алi ня ведаў на каторы. Тамака ў Вiльнi паяздоў тых сам чорт нi разьбярэць, нi так як гэттака ў Гацях, - адказаў сур"ёзна Мiхалюк.

- А як пусьцiлi дамоў, далi якую паперыну, цi што?

- Дык от-жа далi нейкую.

Зь кiшэнi выцягнуў i камшыў нешта ў вялiкай, тады ўжо адвыклай ад гнаявых вiлаў даланi. Людзi прыгледзелiся й распазналi пасьветку з войска й чыгуначны бiлет з Вiльнi ў Гацi.

Пакрыўдзiўшы Мiхалюка ў адной дзялянцы, добра ўзнагародзiў яго Тварэц у iншай. Пры малацьбе, касавiцы, вывазе гною й iншых працах, дзе здаравенныя мускулы патрэбныя былi, цi хто ў Лiтоўцах i суседнiх вёсках мог зь дзяцюком справiцца,

- Нi нарадзiўся мусiць той, каторы зь Мiхалюком пры гнаявых вiлах зраўняецца, - кпiў Антось Дзяркач. - Тры разы, братцы мае, кiнiць, глядзiш i воз. От ужо толькi вiлы падаваць спраўляйся. Мядзьведзь, сiлы сваей нi знаiць. Як падчэпiць пад камiнь, вiлы - трэсь! Глядзiш ужо двух цi трох сукоў нiма. Хэ-хэ-хэ! От i ўбi ты ў мазга-ўню ягоную, каб памяркоўна, вiлаў нi ламаў.

Люба, удава па Мiхалюковым брату, жыла са сьвякроўкай, якой пад семдзесятку падбягала. Кавалак зямлi мелi спорны, ды якая-ж гаспадарка без гаспадара. Мiхалюк зь Вiльнi пехатой прышкандыбаць здолеў, але ўсё-ж гэта ня тое, што ладам гаспадарку павесьцi.

Давалi вясковыя дзяцюку ськiдку й на яго няпiсьменнасьць, i невялiкую кемлiвасьць, i нехлямяжасьць у вопратцы, дый звычайную ляноту. Пры iншай нагодзе нiхто-ж, пэўне, на яго й крывога слова не сказаў-бы. Гэтта-ж, як наўмысна, вайна паставiла Мiхалюка ля самага чульлiвага жыцьцёвага нэрву, найбольш дакучлiвай i балючай раны. Прынёс-бы якую вестку, - памысную, прыемную, цi навет сумную пра каго зь вясковых новабранцаў, - зусiм накш было-б. Людзям проста ў галовах не магло памясьцiцца, што быў ён "тамака, з усiмi разам", прынамся вёску з адным скрыпам дзьвярэй пакiнуў, ды зусiм нiчога пра нiкога ня чуў. Антось Дзяркач патрапiў навет з рук чужынцаў вышмыгнуць, а гэты...

- А ў каторым ты палку быў, дык тамака нiкога з нашых нi было?

- У мяне пад бокам нiкога... Алi полк-жа, кажуць, вялiкi, можа якiх пару тысяч чалавек, - вяла адказаў Мiхалюк.

Мiхалюк схудзеў, ды гэтым крышку з выгляду зьiначыўся. Папрацiралiся локцi рукавоў i каленi порткаў таннага польскага мундзiру. Як на дзiва, Мiхалюк трымаўся чыста.

- Ну а як-жа ў палоне было? - спытаў Тодар. - Добра кармiлi?

Тут разьвязаўся Мiхалюкоў язык. Спануканы дапаможнымi пытаньнямi, апавядаў паволi, смакуючы розныя дробязi. Хаця-нехаця людзi слухалi, кажнае слова лавiлi. Дый мяркавалi некаторыя, што як разгаворыцца дык можа пра каторага зь вясковых дзяцюкоў прыгадае. Рашчаравалiся.