Читать «Добры вечар, дарагая (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Андрэ Моруа

- Гэта павой.

- Цудоўна! Евангельскiя лiлii далiны, цi ж няпраўда?

- Я б гэтага не сказаў... А цi не пара нам вярнуцца?.. Мабыць, нас чакаюць...

- Куды вы так спяшаецеся, Антуан?.. Я б ахвотна правяла з вамi ўсю ноч у гэтым садзе.

- Я,здаецца, азяб.

- Дайце мне вашу руку... О, ды яна як лёд!.. Дазвольце, я прыкрыю вас лёгенька сваiм плашчом?.. I мы б маглi гэтак жыць, сэрца к сэрцу, увесь век... Вы аб гэтым не шкадуеце, Антуан?

- Што я магу вам сказаць, Сабiна?.. А вы? Вы шчаслiвая?

- Вельмi шчаслiвая... Гэтак жа, як i вы, даражэнькi Антуан, гэта значыць, з адчаем у сэрцы... Гэта сцежка вядзе ўгору, праўда?.. Ад вас мне няма чаго таiць... Я доўгi час сабе жадала смерцi... Цяпер яно лепш... Я супакоiлася... Вы таксама.

- Якая вы здагадлiвая, Сабiна!

- Не забывайце, што я вас калiсьцi любiла, Антуан... Гэта абвастрае зрок... Падтрымайце мяне, калi ласка... Гэты пад'ём даволi круты... Скажыце мне, Антуан, калi вы нарэшце агледзелiся? Калi вы ўбачылi Франсуазу такой, як яна ёсць? Бо як жанiлiся, вы былi сам не свой, яна вам свет завязала.

- Баюся вам пярэчыць, Сабiна, але нязгоды мiж намi i цяпер няма... Зразумейце мяне правiльна... Я i сёння адчуваю вялiкую прыхiльнасць да Франсуазы... "Прыхiльнасць" - слова смешнае, слабае, - я люблю Франсуазу... Але, як вы толькi што трапна сказалi, першыя два гады пасля нашага шлюбу, я быў сам не свой ад пачуццяў, каханне наша было моцным, непарушным i, маю ўсе падставы сцвярджаць, узаемным.

- Вось як!..

- Што "вось як"?.. О не, Сабiна, вы заходзiце надта далёка... Але вам не ўдасца знiшчыць маiх успамiнаў... Франсуаза дала мне такiя доказы кахання, што сляпы i той бы пераканаўся. Яна жыла для мяне, а я - для яе... Удваiх мы былi шчаслiвыя i не шукалi нiкога... Вы мне не верыце?.. Але я кажу праўду, Сабiна... Я кажу тое, што ведаю... Я быў з ёю... а вы не былi.

- Бедны мой друг, я з ёю была раней за вас... Я знаю вашу жонку з дзяцiнства. Яе сястра Элен i яна вучылiся разам са мной... Помню, як Франсуаза, з ракеткай у руцэ, стаяла на двары Сэн-Жана i гаварыла нам, Элен i мне: "Я павiнна выйсцi замуж за старэйшага Кеснэ, i я выйду за яго абавязкова".

- Гэтага не можа быць, Сабiна. Сям'я Паскаль-Бушэ i мая радня нiколi не былi ў дружбе; Франсуаза мяне не ведала. Я пазнаёмiўся з ёю выпадкова ў 1917 годзе, калi прыехаў у водпуск на папраўку.

- Выпадкова?.. Ну вось... Вы i ў гэта паверылi. Але ж мне Элен усё дакладна растлумачыла. Справа ў тым, што, калi пачалася вайна, пан Паскаль-Бушэ, яе бацька, дайшоў да галечы. Гуляка быў i калекцыi збiраў, а гэта дарагi занятак. Дочкi празвалi яго пашой, i ён гэтага заслугоўваў. Гнаўся за раскошай. Рэстаўрацыя замка Фларэ яго канчаткова даканала... "Дочанькi мае, - сказаў ён Элен i Франсуазе, - тут у нашай акрузе толькi два шлюбы могуць выратаваць нас: адзiн з дэ Тыянжам, другi з Кеснэ". Спрытныя дочанькi злавiлi i таго i другога.

- Хто вам расказаў гэту гiсторыю?

- Самi сёстры. Хто ж яшчэ?..

- I вы мяне не папярэдзiлi?

- Не магла ж я выдаць сяброўку... I потым я не хацела перашкаджаць... Гэта быў яе адзiны шанс. Таму што Франсуазу нi ў Луўе, нi ў Пон-дэ-Лёры нiхто, апроч такога наiўнага донкiхота, як вы, не ўзяў бы замуж. Нармандскiя сем'i не любяць банкрутаў.