Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 184

Вячаслаў Адамчык

Як нядаўна, здаецца, гэта было. А ўжо васемнаццаты гадок мінуў. Як скора бяжыць час. I вось да мамы прыйшлі Міця з татам.

Даўкі камяк здушыў Алесіна горла, слёзы пякучай гарачынёй хлынулі на вочы. I Алеся надрыўна застагнала, не стрываўшы ўсяго, што наплыло на яе. Падымаючы сцяты ў пакуце, заліты слязьмі твар, заенчыла, загукала: «А мамачка, а татачка, а Змітрычак, а мае родныя, забярэце да сябе і мяне ўжо!.. Нашто ж пакінулі адну так гараваць ды слязьмі абмывацца!»

На міг зрабілася лягчэй, што выплакалася, што выенчыла сваё гора.

Уражаны нечаканым Алесіным крыкам, да перадка падбег Імполь, вышчаміў з яе адзеравянелых рук аглоблі, выцягнуў перадок на шапаткую, няроўную, гады са два не рамантаваную шашу і, азірнуўшыся на жаўтлява-пацямнелы, з падцятымі ў неразгаданай смяртэльнай крыўдзе тонка-сінімі губамі Міцеў твар, упёрся босымі нагамі ў калючы жвір і зрушыў перадок з месца.

Алеся памалу і бязвольна ішла за перадком, што нудна і абрыдла рыпаў адным колам, пазірала то на пастухоў, што, пераганяючы цераз шашу каровы, з дзівам прыпыніліся каля іх з Імполем, то на нямецкую машыну, што прытармазіла, убачыўшы нябожчыка, то на казацкі абоз з будамі, што марудна валокся недзе ў Наваградак.

Ачуняла яна перад самаю вёскаю, калі Імполь з скрыпуча-жвірыстай і стракатай ад мігатлівага ценю бярэзін бясконцай шашы з’ехаў на пясчаную дарогу пад крыж, калі ўбачыла, як з-пад свае хаты, з-пад яловага частаколу сюды насустрач ёй з Імполем, дробна перабіраючы босымі ножкамі, бег яе пяцігадовы сын. Чарнявыя нястрыжаныя валасы на яго круглай галаве падымаў і перабіраў густы сустрэчны вецер.

«Жыць трэба, жыць! Дзеля яго! Ужо такая, мусіць, божая воля. Так наканаваў лёс».

«Жыць!...» — нямогла ўздыхнула яна, убачыўшы каля яловага частаколу жаночую постаць і ўгадваючы ў ёй Чэсю.

Хто ж ёй наказаў? Ведае яна — бедная, згараваная дзяўчына, ці не ведае пра Міцеву смерць? Убачыўшы, як у Чэсінай руцэ гараць чырвоныя півоні, здагадалася, што нясе іх, каб пакласці на Міцеву труну.

Абагнаўшы Імполя, што, дзьмухаючы сабе на твар, астуджваючы яго і збіваючы з кончыка носа едкія кроплі поту, упарта, з астатніх сіл цягнуў перадок з распластаным Міцем, Алеся здалёк распасцерла рукі і, дабегшы, абняла збялелую, ужо бязвольную Чэсю, і яны абедзве задрыжалі, закалаціліся ад цяжкага бязгучнага плачу.

Заўвагі

1

ЦТО — цэнтральнае гандлёвае таварыства.

2

Хто выпаўняе слова маё, не ўгледзіць смерці давеку (царкоўн.).

3

Працуйце ж не дзеля ежы, што зніштажаецца, але дзеля ежы, што астаецца ў жыццё вечнае» (бібл.).

4

— Якая гэта станцыя?

— Не ведаю. Адчапіся (літ.).

5

Szaиlisi — літоўскія фашысцкія батальёны (ням.).

6

ТОДТ — ваенна-будаўнічая арганізацыя. Мела назву ад гітлераўскага генерала Фрыца Тодта.

7

Начальнік гарнізона (ням.).

8

Каменданцкі час (польск.).

9

— Шапкі зняць! Раўненне налева! Смірна! (ням.).

10

РОНА — так званая Российская Освободительная Народная Армия Камінскага, фашысцкага паслугача.

11