Читать «Вяртанне (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Мопассан Ги Де

- Добрыя яны людзi, Мартэн-Левекi. Мартэн увiшная гаспадыня, а над Левекам рыбака няма.

Дзяўчынка каля веснiчак сказала:

- Мусiць, ён ведае нас. Можа, гэта якi жабрак з Эпрэвiля цi Азбоска.

Але мацi не магла памылiцца. Не, не, ён не тутэйшы!

Чалавек нiбы аслупянеў, пiльна ўглядаючыся на жытло Мартэн-Левекаў; Мартэн узлавалася, ад страху асмялела, схапiла рыдлёўку i выйшла на ганак.

- Што вы тут робiце? - крыкнула яна бадзягу.

Ён хрыпла адказаў:

- Сяджу i дыхаю паветрам! Я што, замiнаю вам?

Яна сказала:

- А чаму гэта вы шпiгуеце за маiм домам?

Той азваўся:

- Я нiкому не раблю зла. Хiба нельга пасядзець пры дарозе?

Жанчына не знайшла, што сказаць, i вярнулася ў хату.

Дзень доўга не канчаўся. Апоўднi мужчына знiк, але а пятай зноў прыйшоў. Вечарам яго таксама не было.

Левек вярнуўся позна ўночы. Яму ўсё расказалi.

- Гэта нейкi прайдзiсвет цi круцель, - заключыў ён. I спакойна лёг спаць, а жонка ўсё думала пра бадзягу, якi так дзiўна прыглядаўся да яе.

Ранiцай задзьмуў моцны вецер, выйсцi ў мора не было як, i марак сеў памагаць жонцы ладзiць сеткi.

А дзевятай старэйшая дачка Мартэн, якая хадзiла па хлеб, прыбегла напалоханая i крыкнула:

- Мама, зноў ён!

Мацi захвалявалася, збялела i сказала мужу:

- Пагавары з iм, Левек, хай не пiльнуе нас, бо мне страшна.

I Левек, высокi марак з цагляным тварам у густой рыжай барадзе, з блакiтнымi, у чорную крапiнку вачыма i дужай, заўсёды захутанай шалiкам шыяй каб акрыцца ад марскога дажджу i ветру - спакойна выйшаў да валацугi.

Яны загаварылi.

Мацi з дзецьмi трывожна i палахлiва здалёк паглядала на iх.

Раптам незнаемы падняўся i разам з Левекам пайшоў да хаты.

Мартэн спалохана адступiлася. Муж сказаў ёй:

- Дай яму хлеба i шклянку сiдру. Ён не еў два днi.

Мужчыны, а следам за iмi жанчына з дзецьмi ўвайшлi ў хату. Жабрак сеў i, схiлiўшы галаву пад позiркамi сям'i, пачаў есцi.

Мацi стоячы ўглядалася ў яго, дзве дачкi Мартэн - адна з немаўлём на руках - прагна сачылi за кожным яго рухам, нават двое малых, што сядзелi ў попеле, кiнулi гуляць з чорным чыгуном, каб паглядзець на чужынца.

Левек сеў у крэсла i спытаўся:

- Дык вы здалёк?

- З Сэта.

- Вось гэтак, пеша?

- Але, пеша. Як грошай Бог не даў, дык што ж.

- I куды ж гэта вы?

- Сюды.

- Цi ёсць тут у вас хто?

- Можа.

Мужчыны змоўклi. Бадзяга еў нетаропка, хоць i быў галодны, i кожны кус хлеба запiваў глытком сiдру. Яго запалы твар быў скрозь у маршчынах, драпiнах, i здавалася, што чалавек шмат пакутаваў. Нечакана Левек спытаўся:

- Як вас завуць?

Той, не падымаючы галавы, адказаў:

- Мяне завуць Мартэн.

Мацi неяк дзiўна скаланулася. Яна ступiла крок, каб блiжэй разгледзець жабрака, i, апусцiўшы рукi, з разяўленым ротам спынiлася насупраць яго. Усе маўчалi.

Нарэшце Левек сказаў:

- Вы адсюль?

Ён адказаў:

- Я адсюль.

Ён усё ж падняў галаву, позiркi жанчыны i жабрака сустрэлiся, спынiлiся, змяшалiся, быццам зачапiлiся адзiн за адзiн.

I раптам яна другiм, цiхiм трапяткiм голасам прашаптала:

- Цi ты гэта, мужычок?

Ён вымавiў па складах: