Читать «Верабей, сава і птушыны суд» онлайн

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Верабей, сава і птушыны суд

Ну вось, давай мы з табой сядзем ды паслухаем, што было калісь. Гэта расказаў мне дзед. А майму дзеду — ягоны дзед. А таму дзеду — яшчэ ягоны дзед. А дзеду нашага дзеда расказалі іншыя разумныя людзі. Так што ўсё гэта праўда.

У тыя даўнія часы птушкі жылі такой самай дзяржавай, як і людзі. Ад дзяржавы той засталася толькі памяць, бо нішто не вечнае на свеце. Але некалі яна была. Былі там свае птушыныя аркестры, свае школы, свае птушыныя суды. А цяпер, сёння, усё птаства толькі слаба-слаба помніць пра тыя часы.

I жыў у той дзяржаве такi сабе шэры верабей. Як i цяпер, шукаў зернейкi, цвыркаў летам i мерзнуў зiмою. I быў такi самы нахабны, як зараз. Толькi што ў тыя часы ён не скакаў адразу абедзвюма ножкамi, а хадзiў, як людзi. Адной лапкай — другой лапкай. Левай — правай. Левай — правай. Раз — два. Раз — два.

Хадзіў сабе і спяваў:

Я — вясёлы верабей, Я — арол-верабей, Вельмі смелы верабей, Верабей, Верабей, Вера — Вера — бей!

Вельмі добры верабей!

І трэба ж было так здарыцца, што гэты верабей правініўся. І правіна тая была — глупства. Але і зараз некаторыя птушкі за яе плоцяцца.

Проста была вясна. Цёпла. Зелена. Паветра салодкае. І вырашыў верабей не ляцець дадому на крылах, як ашалелы, а прайсціся, пагуляць. І нанесла тут на яго слаўную сямейку. Сітавак. Тых, што хвастамі трасуць. Ідуць перад ім па алеі і хвастамі махаюць. Ну, тата і мама-сітаўкі не так махалі. Затое маладая сітаўка трэсла хвастом за траіх. А які прыстойны верабей гэта вытрымае?! Спытайце ў кожнага вераб'я. Ніякі.

Вось i наш верабей не вытрымаў. Размахнуўся крыльцам i ляпнуў сiтаўку па хвасце. Пагарачыўся.

Сiтаўкi шкодныя былi. I м падставiць другому ножку было, як табе яблык з'есцi. Пайшла скарга арлу. Слова за слова — сабраўся птушыны суд. Вадзяны бугай — суддзя, удод — пракурор, шчыгол — адвакат, чыжык i чачотка — прысяжныя. Кепскi быў выбар, бо чыжык хацеў з чачоткаю ажанiцца i думаў таму пра ўсё, як яна.

Шчыгол яму раду радзіў, Нелукаву, просту: "Бяры сабе чачотачку. Яна твайго росту".

А чачотка была ўсёй душой за сітаўку, бо і тая і другая былі аднаго поля ягады.

І вырашыў птушыны суд, што трэба злавіць вераб'я і за гэткае ягонае свавольства прыкладна пакараць.

Спалохаўся верабей і ўцёк. А ўсё птаства — за ім. Як хмараю, неба закрылі.

Бачыць верабей, што не ўцячэш. Угледзеў дупло i шмыгнуў у яго. Сядзiць, нiбы ў крэпасцi.

Пачалi птушкi ў дупло лезцi.

Але верабей быў хітры. Выбраў такое дупло, што дзверы былі якраз на яго зроблены. Ні большыя, ні меншыя. Малая птушка палезе, то ён з ёю лёгка справіцца і выкіне. А большая аніяк не пралезе. Хіба што адну дзюбу прасуне.

Валтузіліся-валтузіліся птушкі. Бачаць, сілаю вераб'я ў ягоным замку не возьмеш. Значыць, трэба браць крэпасць зморам.

Паселi вакол i чакаюць. Захоча верабей есцi i пiць — сам вылезе.

Чакалі-чакалі. Аж тут пачала падаць на зямлю ноч. Захад гасне. У лесе ўсё шэрае робіцца. Пасля цямнее. А птушкам уначы належыць спаць. У цёплым гняздзе, як табе ў цёплым ложку. Галаву пад крыло, як ты ў падушку. Ды і свішчы сабе дзюбай, як ты носам.