Читать «Вайсковае евангелле (Горкае дабравесце радавога Міхася Лабуты)» онлайн - страница 9

Язэп Палубятка

3.6/ Праз два месяцы толькі адна рыжая Светка слала яму лісты, але ён ёй не адказваў.

3.7/ Душу ахапіла журба. Яна так востра падступала да сэрца, што іншы раз не хацелася жыць. Такія ж беды былі і ў іншых. Радавы Піліпенка, калі даведаўся, што яго каханая выйшла замуж, застрэліўся.

3.8/ Толькі адзінкі працягвалі атрымліваць лісты ад дзяўчат.

3.9/ Лабута цешыў сябе тым, што ніколі нікога па-сапраўднаму не кахаў.

ПЕРШЫ ІСПЫТ

4.1/ Радавы Лабута трапіў ва ўзвод яфрэйтара Чыкіна.

4.2/ Аднаго разу Чыкін запэцкаў у чалавечы гной боты.

4.3/ “Дзед” пабачыў радавога Лабуту і загадаў яму: "Пачысці, салага!”

4.4/ Лабуту званітавала, і ён адказаў: “Не буду”.

4.5/ У той часу казарму зайшоў камандзір роты. Чыкін устрапянуўся, спужаўся, адразу адбег убок і прашыпеў бы гадзюка: “Будзеш! Ноччу яшчэ не тое зробіш”.

4.6/ Яфрэйтар Чыкін пабудзіў яго апоўначы і пальцам паклікаў да сябе.

4.7/ Міхась ішоў маўкліва і панура. Ён падрыхтаваўся да пакутаў. Нават не думаў супрацьстаяць.

4.8/ Яго ніхто не біў.

4.9/ Яфрэйтар Чыкін прывёў салдата ў сральнік, адчыніў кабіну, працёр маленькім кулачком сонныя свіныя вочкі і ўладарна загадаў' “Сунь!”.

4.10/ Лабута адразу зразумеў усё. Пакорліва апусціўся на калені, абыякава глянуў у ракавіну, дзе плавалі шлакі радавога Гумбарыдзе, паспешліва адвёў позірк убок і ўсунуў руку.

4.11 / Яфрэйтар Чыкін уважліва назіраў за яго дзеяннямі ды шаптаў: "Далей... Далей ”. Толькі калі рука залезла па самае плячо, задаволена зазначыў: “Добра! Бачу! Старается!”

I пайшоў спаць, абыякавы да ўсяго.

НОВЫЯ СЯБРЫ

5.1/ Новыя стасункі запатрабавалі новых сяброў.

5.2/ У шыхтах кожнаму салдату было прызначана пэўнае месца. Наперадзе стаяў Аніперэнка — хахол, пуцаты тлусты хлопец. Ён спярша без перапынку пускаў газы, потым праз паўмесяца перастаў, але за сталом несупынна гаварыў пра сала з цыбуляю.

5.3/ Ззаду на пяты заўжды наступаў татарын Хабібулін, чырвонаморды казанец, які па-татарску не разумеў ні слова.

5.4/ Суседам па ложку быў расіянін Ягораў, прыязны, гаваркі туляк, якому ўвесь час хацелася ўсё ведаць, каб пераказаць камандзірам і паехаць у водпуск.

5.5/ Зверху спаў Яцуноў, хлопец з Сахаліна, “дзед” з вузкім разрэзам японскіх вачэй і чорнымі як смоль валасамі. Усюды падкрэсліваў, што ён рускі, але вёў сябе ціхмяна і ні ў якія разборкі не ўлазіў.

5.6/ На першым ярусе спаў Пруднікаў, уралец. Ён апоўначы заўжды біў нагою ў панцырную сетку і гнаў Лабуту ў прыбіральню, не верыў, што той ноччу не ўпісаецца.

5.7/ Толькі грузін Галашвілі штодня даваў яму рубель, і Лабута ўпотайкі купляў у салдацкай сталоўцы некалькі цвёрдых піражкоў. Схаваўшыся ад усіх, яны елі іх у сральніку.

5.8/ Ва ўзводзе, апроч Міхася, беларусаў не было.

ВЯСЁЛАЯ ХВІЛІНКА

6.1/ У нядзельку Міхась Лабута пасля трэцяга пазачарговага нарада на службу закурыў.

6.2/ Усё той жа Чыкін “шыбануў" акурак. Зрабіў некалькі зацяжак ды кінуў недапалак пад ложак.

6.3/ Лейтэнант Безгаловы быў адказным за парадак у падраздзяленні. 3 чырвонымі мутнымі вачыма ён бадзяўся па казарме і пыхаў на ўсіх цяжкім перагарам. Хацеў яшчэ выпіць і ад гэтага неймаверна пакутаваў.