Читать «Вайсковае евангелле» онлайн - страница 11

Язэп Палубятка

8.3/ Шмат хто з салдатаў і афіцэраў адгукаліся на яе прапанову, хадзілі на спатканне, але замуж не бралі.

8.4/ Лабута пабачыў Марыю выпадкова, калі ішоў на лецішча да начальніка штаба. Жартам паклікаў з сабою. Яна пайшла. I там дапамагала Міхасю палоць грады.

8.5/ Яшчэ некалькі разоў дзяўчына хадзіла з ім на працу. 3 ёю было лёгка і проста. Пяшчота і ласка ішлі ад дзяўчыны.

8.6/ Казала праз некаторы час Марыя Міхасю: “Зачала я з табою дзіцё. Бяры мяне замуж, каб ганьбы мне і табе не было”.

8.7/ Напярэдадні хваліўся Лабута каханнем сваім адэсіту Пятру Сініцыну. Смяяўся з яго Пётра і казаў яму проста ў вочы: "Не вер ёй. Курва яна”.

8.8/ Кахаў Міхась Марыю моцна і жадаў мець яе жонкаю, бо, па праўдзе кажучы, так блізка яшчэ з дзяўчатамі не быў, але такое паведамленне дужа напужала яго.

8.9/ Салдат раззлаваўся і адказаў каханай: “Сыдзі з вачэй, жанчына. Сыдзі, блудніца. Не маё гэта дзіцё”.

8.10/ Міхась ударыў Марыю па твары і пайшоў прэч. Услед яму неслася: “Каханы”.

8.11/ Доўга пакутаваў ён. Каханне не давала прытулку яго душы, не давала спакою.

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

НЕСПАДЗЯВАНАЯ ТРЫВОГА

1.1 / Падраздзяленне неспадзявана паднялі апоўначы. У казарме ўжо былі ўсе афіцэры роты ды пры зброі. Салдатам таксама выдалі аўтаматы з двума боекамплектамі. Лабута разгубіўся, бо з аўтамата яму даводзілася страляць толькі тры разы: два — у школе, адзін раз у каранціне.

1.2/ Загадалі ўсім шыхтавацца на вайсковым пляцы.

1.3/ Камандзір палка выйшаў на сярэдзіну пляца, бессаромна пачухаў між ног і зароў: “Смірна! Слухай мой загад. Нашаму палку належыць ісці на Маскву, душыць дэмакратаў с...ных!”.

1.4/ “Ура-а! — закрычаў лейтэнант Безгаловы. — Даўно б так!”

1.5/ “Сціхні, няўлюдак! — загадаў яму капітан Берагавы, — Я быў у Афгане. Я ведаю, што такое вайна!”

1.6/ Неспадзявана для ўсіх камандзір роты выйшаў наперад і гучна сказаў: “Салдаты! Вас пасылаюць забіваць сваіх братоў і сясцёр. Адумайцеся!”

1.7/ “Маўчаць! — зноў зароў камандзір часці — Скончыць размову ў шыхтах. Я тут камандзір. Маўчаць!”

1.8/ I надалей ён казаў прыкрыя словы капітану Берагавому, зневажаў ды абражаў.

1.9/ Тут жа прыйшлі людзі ў цывільным і павялі за сабою камандзіра роты. На яго пасаду адразу ж быў прызначаны лейтэнант Безгаловы. Шыхты затоена працягвалі маўчаць. Пакорна маўчаў і радавы Лабута. Ён шкадаваў капітана-земляка, але нічога не мог зрабіць супроць, акрамя таго, вельмі хацелася спаць.

1.10/ Калі камандзір скончыў адцаваць загады, развярнуўся і пайшоў у штаб, і ўвесь час, як ішоў туды, ад злосці размахваў рукамі ды нешта казаў самому сабе.

1.11/ Вайскоўцы паспешна занялі свае месцы ў бронетранспарцёрах і машынах ды паехалі. У дарозе не вялі ніякіх перамоў.

ЗАГАДАНА ЗАБІВАЦЬ

2.1/ Спыніліся на досвітку пасярод шматпавярховых гмахаў.

2.2/ Гул вайсковай тэхнікі разбудзіў людзей, і яны здзіўлена выглядалі ў вокны.

2.3/ Не было ніякай смуты. Увогуле нікога не было, але ўсё роўна новы камандзір роты лейтэнант Безгаловы загадаў зарадзіць аўтаматы, а ўпрэўшы нампаліт Фрумкін несупынна хадзіў ад машыны да машыны і штохвілінна паўтараў пра пільнасць.