Читать «Бэзавы попел» онлайн

Ала Сямёнава

АЛА СЯМЁНАВА

БЭЗАВЫ ПОПЕЛ

Эпісталярна-прывідны ўспамін

Адносіны паміж смяротнымі бессмяротныя.

Барыс Пастарнак

Ultima ratio

Чалавечы голас... Жан Както недарэмна адчуў таямнічую ўладу гэтай слухаўкі. Хто абышоўся без яе ў XX стагоддзі ? Адстаронена-збліжанае судачыненне чалавекаў. Хуткамоўленне людзей справаў. Гарэзія балбатні. Вохклівыя енкі старых. I — доўгія размовы закаханых. I — нечаканыя званкі. I — чаканне званка.

„ Алё”... Голас добразычліва-свежы, усмешлівы, ранішні, нават калі ён гучыць a дзесятай гадзіне ўвечары. Жанчына, якая ўмее ўгадваць час слова i радасць аднаго імгнення. „Добры вечар...” Голас нібыта крадзецца i хаваецца ад некага. „Прывітанне!” Голас. — як стрэл. Словы — што пытанні анкеты. „Алё!” Голас як быццам робіць ласку. Словы пагойдваюцца, калыхаюцца, робяць кругі, голас як быц­цам ведае нешта такое, пра што ніхто не здагадваецца. „Вечар добры!” Голас вуркатліва-глухаваты. „Вечар добры...” — нібы табе, a нібыта i сам сабе. Ён так i будзе размаўляць, нібыта з табою, нібыта з сабою самім. „Перадай прывітанне маме. Не, паклон”.

Я не пачую больш ні гэты голас, ні матчын. У маці быў дзіўны, запамінальны голас. Арганны — малады, звонкі асноўны тон i гартанныя, кантральтовыя падгалоскі. Гэта не маё ўражанне — іншых „Слухаю вас... ”

А той вуркатліва-глухаваты голас — Міхася Стральцова.

Размовы нашыя з ім часцей былі менавіта тэлефонныя. Доўгія, Гадзіну, а то i дзве. Званіў ён ці ўранку, гадзіне а дзесятай, ці гадзін у дзевяць, а не дык i адзінаццаць — увечары. Пра што былі гаворкі? Пра чытанае, слуханае, пра тое, што ён збіраецца пісаць (згадваў неяк кнігу пра Янку Купалу, накшталт „Загадкі Багдановіча”: не напісалася...), пра дробязі, пра „закон звезды и формулу цветка”. Мудрыя i абачлівыя людзі ў такіх выпадках занатоўваюць размовы. У мяне ніколі не было тых дабрачыннасцяў: ні мудрасці, ні абачлівасці. Не, я заўсёды ведала, хто такі i што такое Міхась Стральцоў. Спрабавала пісаць пра яго, хаця разумела; „Страшна — усё роўна як узбіўся на Дзёрзкую думку вывесці формулу роздуму ці ўзяць на далонь, каб разгледзець, агонь ці снег” (хай даруюць мне самацытаванне). Была рэдактарам дзвюх яго кніжак. Крытыкі. Але, разумеючы, хто ёсць Міхась Стральцоў, неяк не магла сябе прымусіць занатоўваць размо­вы. Здавалася, гэта — што сачыць за сабой у шчыліну замка. Глупства? Недаравальнае легкадумства? Магчыма. Затое лёс падараваў мне — ветрагонам шанцуе — цэлы скарб: 46 лістоў Міхася Стральцова. Ліставанне тое было ў не самы лёгкі год для яго i досыць складаны для мяне. Ягоныя i мае мітрэнгі не мелі судачынення. У кожнага было сваё. Аднак мо i быў у тым нейкі патаемны знак...

Помню, як я атрымала першы ліст Стральцова. Восеньскім вечарам у Дубултах — званок (зноў званок). Тэлефон унутраны. Адзіная знаёмая мне жанчына з'ехала. Пажар? Паводка? Сусветны патоп? „Вам ліст, атрымайце”. З дому мне пісалі „на запатрабаванне”. Ад каго? Почырк незнаёмы. Востранькі. Малачытэльны. Не почырк — клінапіс. Чытаю — ці, хутчэй, разгадваю, расшыфроўваю.

„Дарагая Ала Іванаўна!