Читать «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ» онлайн - страница 268

Язэп Найдзюк

Старанна Я. Найдзюк сабраў звесткі пра беларускую культуру ў XIX ст., пра паўстанне 1863 г. на Беларусь. Ён слушна заўважыў, што прычынай паражэння паўстання было не толькі тое, што расійская армія мела лічбавую перавагу, але галоўным чынам тое, што паўстанцы 1863 г. не мелі падтрымкі з боку сялянства. «Сяляне не толькі не дапамагалі паўстанцам,— зазначае аўтар,— але часта з імі змагаліся...» У кнізе Я. Найдзюка папулярна, але дакладна прасочана развіццё беларускага нацыянальнага руху ў канцы XIX — пачатку XX ст., сцісла даецца гісторыя тагачаснага адраджэння, нагадваецца дзейнасць братоў I. і А. Луцкевічаў і іншых адраджэнцаў.

Вельмі насычаны фактамі раздзел пра першую сусветную вайну, лютаўскую рэвалюцыю 1917 г. і новы ўздым беларускага нацыянальнага руху. Тут называюцца імёны беларускіх дзеячаў, прасочваецца дзейнасць беларускіх нацыянальных арганізацый з дакладнымі датамі і тэкстамі гістарычных ужо дакументаў, што робіць кнігу Я. Найдзюка вельмі каштоўнай. Асобнае месца тут упершыню займае гісторыя Слуцкага збройнага чыну ў лістападзе 1920 г. за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Я. Найдзюк распавядае пра Першую Беларускую нацыянальна-палітычную канферэнцыю ў Празе Чэшскай у верасні 1921 г. і пра яе дакументы.

У апошніх раздзелах аўтар таксама падрабязна разглядае становішча беларусаў у Заходняй Беларусь («пад Польшчай»), што яму было вельмі добра вядома, становішча ў БССР, дзе былі знішчаныя беларускія нацыянальныя дзеячы, а беларуская інтэлігенцыя, сяляне, усё насельніцтва панеслі вялікія людскія страты ад сталінскага тэрору. Вельмі цікавымі з'яўляюцца звесткі пра беларускі нацыянальны рух на эміграцыі — у Латвіі, Літве і ў іншых краінах.

Увогуле кніга Я. Найдзюка застаецца актуальнай у наш час, дзякуючы добраму падбору фактаў і аб'ектыўнасці выкладу іх.

Дадатак, складзены I. Касяком, мае ўжо характар не столькі сістэматычнага выкладу гістарычных фактаў, колькі хутчэй мемуараў. Нягледзячы на гэта, згаданы матэрыял таксама прадстаўляе вялікую цікавасць, бо перадае ў іншым выглядзе, чым да гэтага было, у храналагічнай паслядоўнасці гісторыю Беларусі перыяду нямецкай акупацыі 1941—1944 гг., больш падрабязна — пра дзейнасць беларускіх нацыянальных арганізацый з іх самастойнымі мэтамі цдраджэння беларускай дзяржаўнасці. Упершыню шматлікія чытачы змогуць прачытаць пра дзейнасць Другога Усебеларускага кангрэсу ў канцы чэрвеня 1944 г. у Менску, пра БКА, пра дзейнасць Беларускай Цэнтральнай Рады, у тым ліку ў Германіі ў 1944—1945 гг. Астатняя частка працы I. Касяка — гэта аповяд пра беларускі нацыянальны рух у эміграцыі пасля другой сусветнай вайны, пра яго арганізацыі. Усе гэтыя звесткі маюць вельмі важнае значэнне не толькі для навуковага вывучэння праблем беларускай эміграцыі на Захадзе, але і для шырокага азнаямлення чытачоў з зусім невядомымі фактамі, пра якія да апошняга часу амаль не пісалі ні гісторыкі, ні журналісты.

АНАТОЛЬ ГРЫЦКЕВІЧ, доктар гістарычных навук, прафесар