Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 42

К Акула

Янук чуўся нiякавата, што Антось такi ласкальны, як нiколi раней, тон да яго ўжываў. Праўда, - Янук добра разумеў гэта, - Антось па практыцы калiшняй, меў немалы запас майстэрства кпiнаў. Язычок, калi трэба, хлёстка, быццам брытвай, мог па мякацi чыйго самалюбства праехацца. А ўжо што й гаварыць, калi Антось пры гэтым жадаў вылiць злосьць назапашаную. Сьцеражыцеся тады, людцы мiлыя! А ўсё-ж квялiла гэнае няпрывычнае "братка Янучок".

- Дык гэта, аказваецца, толька цьвяточкi былi. Яшчо ў гэтага, каб яго пранцы, нядошлага шпунта прагавiтасьць улады й нажывы толька што тады расьцьвiтала. Ну i ўжо вядома, што цьвяточак гэты пiрацьвiцiць а тады, людцы добрыя, вунь якi плод будзiць. Цешцеся, дабрадзеi любыя, спажывайце. Дык от i прыйшоў той час, калi з усходу новая нечысьць на нас навалiлася. I гэта-ж нi сакрэт быў, што й драгомiшчам будучы, труцень i паразiт гэты ўсякую бальшавiцкую брыду добрым людзям у рукi тыцкаў, усякую камунiстычную баламуту сваiм языком, каб ён яму яшчо тады адсох, мiж нашых пiрапрацаваных сiрмяжнiкаў пашыраў. I ўжо хто як хто, а ён, тады яшчо драгомiшч пан Шпунт, цьвёрда верыў, што прыйдзiць той для яго слаўны дзень, калi той, "хто быў нiчэм, той станiць фсем". Гэта-ж так у iнтэрнацыянале пяюць, нечысьць бязбожная! Дык от наш шпуньцiк верыў i чакаў, ну й дачалаўся. I ад радасьцi, як гэны дзень нарэшце прыйшоў, дык у нашага прагавiтага паразiта так сэрца з радасьцi ёкала, што чаго яму разрыву нi было. Ого, чаму-ж ня цешыцца! Цяпер от ён, Лявон Шпунт, адданы барэц за "iдэi вялiкага Ленiна й Сталiна", цяперака нарэшце ён, каб яго гаручка, раскашэлiцца!

Антось спынiўся, зноў вельмi ўважна пачаў разглядаць свой рэвальвэр, цэлiцца ў Лявона. Шпунт, зьбялеўшы, заварушыў вуснамi, каб нешта сказаць, але Антось яго папярэдзiў:

- Жыць хочаш, Лявон?

Шпунт маўчаў. Жахлiва перапалоханы, паказелiў вочы на Дзеркача.

- Пытаюся яшчо раз, цi хочаш жыць?

- Хачу, Антось, браток...

Яхiдная ўсьмешка шмыгнула па Антосевым твары. Ён адняў ад вока наган.

- Чуеш, Янук, што ён сказаў? Ён хоча жыць. Ты чуў гэта?

Антось падскочыў да Лявона.

- Я табе, гадзюка ты бальшавiцкая, нiякi нi браток! - сыкнуў Дзяркач. Табе братамi начысьцiкi-паразiты, што на народнай сьпiне сядзелi, нашу кроў пiлi, з нашага поту жылi, во хто табе браток, жмiнда ты чырвоная!

Правай рукой наводмаш ён сiльна ўдарыў Лявона па твары. Той пахiснуўся, але ўтрымаўся на нагах i засланiўся левай рукой, спадзяючыся, вiдаць, новага ўдару. Але Дзяркач плюнуў на Лявона.

- Братам мяне называiць, басяк гэты, бальшавiцкая хлюндра. Я табе пабратаюся!

Сеўшы, Дзяркач з пагардай пазiраў на Шпунта й прадаўжаў спакойна, быццам перад хвiлiнай ня было нiякага выбуху: - Ну што табе далей расказваць... Сам знаеш, як вось гэта нячыстая тройка, бальшавiцкiя гарлапаны,значыцца Сабакевiч Косьцiк, Павалiцкi Хвёдар i гэта вош пачалi людзей аграбаць, а тады бальшавiком памагалi людцаў у Сiбiр вывозiць, у цюрму садзiць. Гэта-ж яны даносiлi на ўсiх так званых "ворагаў народу". Гэта нячыстая ханжа лiчыла сябе "народнай уладай", нi абы чым. Кумекаiш? Улада ды яшчэ народная! Гэта iх нiбы народ выбраў, гэту хлюндру нядошлую, каб народу на сьпiну ўзьлезьлi й кроў ягоную пiлi. Ну а што табе расказваць, як гэта "народная ўлада" гаспадарыла? Ты-ж помнiш як у гумно да твайго бацькi прыйшлi ды зьдзеквалiся, а пасьля што, напiўшыся, у хаце выраблялi! А пасьля, нячысьцiкi, у бальшавiцкi калгас, значыцца ў прыгон гналi. I цi ты думаеш, што яны мала нашых добрых людзей у лапы бальшавiцкага энкавудэ аддалi, цi думаеш мала за iх на Сiбiры цi на Салаўках церпiць? Гэта-ж яны, нячыстая сiла, галадранцы, па ўсiм сельсавеце цi раёне гаспадарылi. Дык ты знаеш колька маглi нявiнных людзей загубiць?