Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 77

Невядомы

ТУТЭЙШЫ ЧАЛАВЕК

Цягам доўгіх стагоддзяў чужынцы ўздымаюць пыл на нашых дарогах, і ў спешцы нічога ведаць не ведаюць і не хочуць ведаць ні пра нашую зямлю, ні пра нашых людзей. Для іх Беларусь, як для Усходняга ды Заходняга вучоных з “Тутэйшых”,— нешта празрыстае, “прыдуманае” ці то нацыяналістамі, ці то бальшавікамі, якаясьці фата-маргана. Ах, як жа яны дзіваваліся, калі аб гэтае празрыстае балюча набівалі гузы, як, прыкладам, пад Сіняй Вадой, Грунвальдам, у беларускіх лясах падчас войнаў апошняга стагоддзя. Літоўскае войска пад сценамі Масквы, змаганне з крыжакамі ды з крымчакамі, паўстанні дзеля незалежнасці — усё гэта было.

Ды разам з тым, кінуўшы вокам на тутэйшых, часам можа падацца, што ў пару найвялікшых гістарычных узрушэнняў сядзеў мужык-беларус на ўзбочыне дарогі і меланхалічна глядзеў, хто там яшчэ сунецца.

Рана або позна да фатальнай недапраяўленасці дадаўся інстынкт самазахавання тутэйшага. Урэшце рэшт, ці мала тут сноўдаецца набрыдзі ўсялякай, а кожнаму насустрач выскокваць ды пытацца: “Хто такі й чаго табе трэба?”— моцы не хопіць. Жыццё навучыла: усе яны гэтымі ж дарогамі й сыдуць, а ён, тутэйшы, заўсёды тут, каля свайго крыжа. Слова “тутэйшы”, па-за тым трагічна-саркастычным значэннем, якое надаў яму Купала ў сваёй апошняй п’есе, у першым значэнні ёсць дастатковай самаідэнтыфікацыяй чалавека, які жыве ў зоне zего. Гэта астатнім, хто блукае вакол, трэба дапасоўвацца да тутэйшай прасторы, выдумляць сабе найменні, а нам у гэтым ніякай патрэбы няма.

Згадайма, як называе сябе тутэйшым Мацей Бурачок, калі яго спыняюць каля вёскі казакі і пытаюць: “Хто ты ёсць?” А той адказвае:

“Тутэйшы” кажу я, свой чалавек, Сын бацькі свайго, а бацька дзяцей, Тут і радзіўся, тут жыву век, Юркам зваць бацьку, я дык Мацей. Вунь дзе і хата, і выган, і сад: Там жнець мая жонка, а тут гарэць брат... (Францішак Багушэвіч, “Хрэсьбіны Мацюка”)

Гэта ягоны свет, ягоны мікракосм, а тлумачыцца варта было б казакам. Поўнае значэнне слова “тутэйшы” (у сэнсе нацыянальнай прыналежнасці й веры — уніяцкай) вядома адно Мацею, але ён нічога не збіраецца тлумачыць. А казак, для якога “тутэйшасць” абсалютна недасяжная катэгорыя, ажно заходзіцца ад злосці.

Хто ж ён — гэты тутэйшы, які жыве на гэтай белай зямлі?

ЯГОНЫ ДОМ

Ён асабліва нічога не будзе вам тлумачыць, пераконваць у нечым, а як будзеце больш настойліва дапытвацца, дык і ў хату сваю не пусціць. Дзіўная ў яго хата, парадаксальныя адносіны да яе.

Бедна ж мая хата расселася з краю Між пяскоў, камення, ля самага гаю. Ля самага бору, на беражку лесу: Ніхто тут не трапе, хоць бы з інтарэсу. (Ф. Багушэвіч, “Мая хата”)

“Кепска мая хата, падваліна згніла, і дымна, і зімна” — зацягне Мацей Бурачок далей. Суседзі, шкадуючы мужыка, будуць запрашаць яго ў новую багацейшую хату, навыперадкі прапаноўваць новы дом альбо “общежитие”. Але гаспадар зацята трымаецца гэтай уяўнай беднасці. Нават калі б гвалтам адарвалі ад гэтай хаты, усё адно вярнуўся б і зрабіў такую самую. Што было з Лявонам Зяблікам, калі змушалі яго “кінуць тую хату, скуль бацьку і матку на магілкі вывез”? Засіліўся на ўласным надворку.