Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 106

Невядомы

Метафізічны жах ад неадчэпнай прысутнасці побач з чалавекам Няма і ёсць першапрычынай філасофскага здумлення як спосабу пошуку шляхоў да аптымізацыі гэтага жаху.

З пэўнай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што спачатку эмацыйнае намагалася вырашыць праблему Няма ўласнымі сродкамі — гэта значыць сродкамі эстэтычнага. Так з’явіліся містычныя рытуалы і міфы, якія спрабавалі асэнсаваць феномен Няма праз феномен Ёсць, а менавіта праз эстэтычна выяўленую інтэрпрэтацыю сусвету і чалавека ў сусвеце.

Не станем заглыбляцца ў пытанне, чаму эстэтычнае (інакш — міфалагічнае) мысленне сталася недастатковым для аптымізацыі жаху небыцця, і ўзнікла патрэба ў мысленні ўжо ўласна метафізічным. Прычына тут, бадай, не ў недастатковасці эстэтычнага мыслення, а ў тым, што эра Тэксту выявіла магчымасць кардынальна іншых тэхналогій мыслення, і эмацыйнае імі скарысталася ў памкненні да ўсё больш вытанчаных і ўсё больш разгорнутых аргументаў на карысць прымірэння з наяўнасцю Няма.

Тут мы абыдзем увагай шматлікія міфалагічныя і метафізічныя версіі аптымізацыі жаху небыцця, якія зафіксавала гісторыя міфалогіі і філасофіі, каб паспець закрануць яшчэ адно з найбольш вялікіх і найбольш таямнічых пытанняў гісторыі быцця чалавека, адказ на якое толькі і мог бы патлумачыць як прычыны колішняга росквіту, так і падставы цяперашняга заняпаду метафізікі. А менавіта: чаму ў метафізікі ці, шырэй, метафізічнага мыслення магчымы быў росквіт, ды не проста росквіт, а нешта непараўнальна большае за хоць якую з ацэначных катэгорый. На гэтае дзіва ўжо шмат хто звяртаў увагу. Не прамінем яго і мы і сфармулюем пытанне пра дзіва наступным чынам: чаму за выняткам апошніх двух-трох стагоддзяў, уваўсю астатнюю гісторыю чалавецтва, як зафіксаваную хоць у нечым, так і рэканструяваную герменеўтычна, дамінавала метафізічнае мысленне, дамінавала наўсцяж, татальна, праз тысячагоддзі? Верагодна, панаванне метафізічнага мыслення ва ўсю, да Новага часу, папярэднюю пару чалавецтва не выглядала б на такое дзіва, каб паралельна яму актыўна разгортвалася тэхналагічнае мысленне. Але апошняе быццам знерухомела ў тысячагоддзях. I вось гэтая невымерная дысгармонія аб’ёмаў іхнай прысутнасці ў быцці чалавека і ёсць сапраўдным дзівам.

Тэхналагічнае мысленне забяспечвае чалавека існаваннем. Метафізічнае мысленне забяспечвае чалавека толькі сэнсам існавання.

Навідавоку першынства тэхналагічнага мыслення перад метафізічным, і, тым не менш, тэхналагічнае мысленне знерухомела ў зародкавым стане на тысячагоддзі, а метафізічнае за гэты час стварыла велічныя, ні з чым не параўнальныя і да сёння паэтычныя міфы (Гільгамеш, Эды, Гамер, Вергілій і да т.п.), проста неверагодныя па вытанчанасці, складанасці і глыбіні філасофскія сістэмы (Платон, Арыстоцель, Тамаш Аквінскі і шмат, шмат хто яшчэ), магутныя рэлігіі (іўдаізм, хрысціянства, мусульманства, будызм) і безліч, безліч усяго іншага... Адным словам, чалавек сканструяваў мноства мудрагелістых метафізічных канструкцый, дасягнуў мяжы дасканаласці, якую ўжо ніколі не будзе магчыма перасягнуць, у скульптуры, паэзіі, архітэктуры, драматургіі, логіцы, але за ўвесь гэты час ён не змог прыдумаць коміну, каб дым у хаце альбо палацы не еў вочы, ці хаця б форткі, праз якую можна было б гнілую задуху жытла разагнаць свежым паветрам. Тысячагоддзі праміналі за тысячагоддзямі, а чалавек, прабачце, штодня выстаўляючы ў загуменні па натуральнай патрэбе голы азадак на скразнякі, мароз, заедзь, думаў не пра тое, як зладзіць прыбіральню, ужо не кажучы пра ўнітаз, а думаў пра касмалогію існага, пра сутнасць быцця і сэнс раскарачанага сядзення чалавека ў загуменні.