Читать «Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне» онлайн - страница 9
Эдвард Д. Хох
Жуль Міньё, банкір, фірма «Міньё і сыны», вуліца Дэларэн. Ён — Міньё-старэйшы. Мадам Л'Эспанэ валодала сякой-такой маёмасцю. Яна адкрыла ў іх рахунак вясной 18.. года, восем год назад. Часта рабіла ўклады — невялікімі сумамі. Чэкі ніколі не выпісвала, але за тры дні да смерці асабіста ўзяла з рахунку чатыры тысячы франкаў. Грошы выплацілі золатам, і іх даставіў на дом служачы банка.
Адольф Лё Бон, служачы банка «Міньё і сыны», сведчыць, што ў той дзень, пра які ідзе размова, каля палудня, праводзіў мадам Л'Эспанэ да самага дома і аднёс чатыры тысячы франкаў, якія былі раскладзены ў два мяшэчкі. Адчыніўшы дзверы, мадэмуазель Л'Эспанэ ўзяла з ягоных рук адзін мяшэчак, а старая пані другі. Сведка развітаўся і пайшоў. Нікога на вуліцы ён тады не заўважыў. Вуліца — бакавая, вельмі ціхая.
Уільям Бёрд, кравец, сведчыць, што разам з іншымі зайшоў у дом. Ангелец. Два гады, як жыве ў Парыжы. У ліку першых падняўся па лесвіцы. Чуў, як сварыліся двое. Хрыплы голас належаў французу. Змог разабраць некалькі слоў, але ўсіх не памятае. Выразна чуў «Sacre» і «mon Dieu». Словы суправаджаліся шумам, нібыта змагаліся між сабой некалькі чалавек — чуліся шорганне ног, скрогат. Пранізлівы голас крычаў вельмі моцна, нашмат мацней, чым хрыплы. Упэўнены, што не ангелец. Хутчэй немец. Можа быць, і жанчына. Сам сведка па-нямецку не разумее.
Чатыры чалавекі на другім допыце засведчылі, што дзверы спальні, дзе знайшлі труп мадэмуазель Л'Эспанэ, на той момант, калі туды зайшлі людзі, былі замкнёны знутры. Цішыня была поўная — ні стогнаў, ні шорахаў. Калі дзверы ўзламалі, нікога там не ўбачылі. Вокны пакояў, што выходзяць на вуліцу і ў двор, былі апушчаны і наглуха замкнёны знутры. Дзверы паміж двума пакоямі былі зачынены, але не замкнёны. Дзверы з пакоя ад вуліцы ў калідор былі замкнёныя на ключ знутры. Невялічкі пакой з вокнамі на вуліцу, на пятым паверсе, той, што ў канцы калідора, быў незамкнёны, дзверы крыху прачыненыя. Ён быў поўны старых ложкаў, скрынь і іншага хламу. Усё гэта вынеслі і ўважліва агледзелі. Абшукалі ўвесь дом зверху данізу, сантыметр за сантыметрам. З дапамогай камінараў праверылі ўсе дымаходы. У доме пяць паверхаў і яшчэ памяшканні на гарышчы (mansardes). На дах можна выйсці праз лаз, але ён быў надзейна забіты цвікамі — і, відаць, шмат год не адчыняўся. Час, што прайшоў паміж тым, як пачулі галасы, і тым, калі адчынілі дзверы, вызначаецца сведкамі па-рознаму. На думку адных, прайшло ўсяго тры хвіліны, другіх — цэлых пяць. Каб адчыніць дзверы, спатрэбілася шмат намаганняў.
Альфонса Гарсія, трунар, засведчыў, што жыве на вуліцы Морг. Гішпанец па нараджэнні. Разам з іншымі быў у доме. Наверх не падымаўся. Слабыя нервы, яму нельга хвалявацца. Галасы чуў. Хрыпла гаварыў француз. Што ён сказаў, разабраць не мог. Пранізлівым голасам гаварыў ангелец, у гэтым сведка ўпэўнены. Па-ангельску не разумее, мяркуе па інтанацыі.