Читать «Аздоба (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Мопассан Ги Де

Калi панi Люазэль прынесла аздобу панi Фарэсцье, тая сказала незадаволеным голасам:

- Магла б прынесцi мне iх i раней, бо мне яны таксама маглi спатрэбiцца.

Яна нават не раскрыла футарала, чаго так баялася яе сяброўка. Што б яна магла падумаць, каб заўважыла падмену? Што б яна сказала? Можа, яна палiчыла б яе за зладзейку?

Панi Люазэль спазнала жахлiвае жабрацкае жыццё. Зрэшты, яна адразу i гераiчна скарылася перад сваiм лёсам. Трэба было плацiць гэты пачварны доўг. I яна плацiла. Яны развiталiся з пакаёўкай, з'ехалi з кватэры, знялi ўбогi катух на паддашку.

Яна спазнала цяжкую хатнюю працу, агiднае корпанне каля кухоннай плiты. Яна мыла посуд, заломваючы свае выпешчаныя ружовыя пазногцi аб тлустыя гаршкi i закураныя рондалi. Прала брудную бялiзну, мыла кашулi, церла мылам анучы i пасля развешвала ўсё гэта сушыцца на дроце; кожную ранiцу яна выносiла на двор смецце i цягнула наверх ваду, спыняючыся перадыхнуць на кожным паверсе. I адзетая, як звычайная, простая кабета, з кашом у руцэ, яна хадзiла купiць чаго-небудзь спажыўнага, садавiны цi хлеба, i заўсёды спрачалася з крамнiкамi, сварылася, баранiла кожнае су з сваiх мiзэрных грошай.

Кожны месяц трэба было плацiць па вэксалях i, каб выйграць час, падпiсваць новыя.

Муж не шкадаваў сябе, увечары ён перапiсваў начыста рахункi гандлярам, а ўночы часам рабiў копii з рукапiсаў па пяць су за старонку.

I гэтак яны жылi дзесяць гадоў.

Праз дзесяць гадоў усё было выплачана - усё, разам з незлiчонымi лiхвярскiмi надбаўкамi i шматлiкiмi складанымi працэнтамi.

Панi Люазэль вельмi пастарэла. Яна стала цяпер нязграбная, i дужая, i грубая, як усе гаспадынi ў згалелых сем'ях. Яна хадзiла заўжды непрычасаная, у збiтай набок спаднiцы, з чырвонымi рукамi, размаўляла голасна i мыла падлогу, плёскаючы ваду проста з вядра. Але часам, калi муж быў на службе, яна сядала каля акна i прыгадвала той колiшнi вечар, той баль, на якiм яна мела такi поспех, на якiм яна была такая прыгожая i чароўная.

Што было б, калi б яна не згубiла гэтай аздобы? Хто ведае? Хто ведае? Жыццё такое капрызнае i такое зменлiвае! Як мала трэба, каб знайсцi адразу ўсё цi ўсё адразу згубiць!

Неяк у нядзелю, калi панi Люазэль пайшла прагуляцца па Елiсейскiх Палях, каб крыху адпачыць ад тыднёвай стомы, яна заўважыла жанчыну, якая вяла за руку дзiця. Гэта была панi Фарэсцье, па-ранейшаму маладая, па-ранейшаму прыгожая i прывабная.

Нечаканая сустрэча ўсхвалявала панi Люазэль. Падысцi да яе, загаварыць? Ну але, вядома! Цяпер, калi яна ўжо расплацiлася з даўгамi, ёй можна расказаць усё.