Читать «У прасторы сямі нот» онлайн - страница 46

Таццяна Мушынская

Я ўзяла папку дадому. І пачала вывучаць змест. Калі ствараецца спектакль музычны або музычна-драматычны, спачатку робіцца сцэнарый. Узнікае «шкілет», на якім потым нарастае «мяса». Але як спалучыць кавалкі, што маюць блізкае гучанне? Шмат лірыкі, шмат журбы... І што далей? Мала кантрастаў, не хапае дзеяння. Хто героі, акрамя паэтэсы? Атрымліваецца задача з многімі невядомымі.

Але ўзнік азарт. Цікава, ці здолею я драматургічна пабудаваць няпросты музычны матэрыял. Каб ён «зайграў» і зазіхацеў на сцэне. А для пачатку хоць бы трымаў глядацкую ўвагу. Некалькі кніг пра Ахматаву было ў хатняй маёй бібліятэцы. Кніг рэдкіх, якія ў любы момант у кніжнай краме не набудзеш. Біяграфію Г анны Андрэеўны і падрабязнасці яе жыцця я добра ведала. Зняла з паліцы выбранае ў двух тамах і паглыбілася ў чытанне.

Вырашыла: першая дзея адлюструе дарэвалюцыйны перыяд жыцця паэтэсы. Яе нараджэнне як творцы, складаныя адносіны з мужам, паэтам Мікалаем Гумілёвым, раман з мастаком Амедэа Мадыльяні, які разгортваўся ў Парыжы. Другая частка будзе грунтавацца на паслярэвалюцыйных падзеях. І ў цэнтры апынуцца адносіны паэта і ўлады.

Аляксей Аляксандравіч з маімі прапановамі пагадзіўся. Структуру і дэталі будучага спектакля мы неаднойчы абмяркоўвалі з дырыжорам і кампазітарам у кабінеце кіраўніка «Саноруса» на вуліцы Гікала, у памяшканні Абласной бібліятэкі імя Пушкіна. Пераканалі Саўчыка адмовіцца ад некаторых нумароў, якія не выглядалі абавязковымі і тармазілі дзеянне. Параілі дадаць новыя, больш драматычныя, часам і трагедыйныя эпізоды для другой часткі спектакля. Яны былі звязаныя з перыядам рэпрэсій, Айчыннай вайной. Адлюстроўвалі лёс усяго народа, лёс самой Ахматавай і яе сына, Льва Гумілёва, у далейшым аднаго з буйнейшых расійскіх вучоных. Кампазітар пагадзіўся, новыя фрагменты пісаў з энтузіязмам і творчым імпэтам.

Калі агульная структура пачала набываць стройнасць і дынаміку, засталося паміж музычнымі нумарамі дадаць тэксты Вядучага. Яны ўспрымаліся як каментарый сучаснага чалавека да падзей біяграфіі і лёсу паэтэсы. Ролю Ганны Андрэеўны павінна выконваць Таццяна Пятрова, вядучая салістка «Саноруса».

Амаль усё лета кампазітар займаўся аркестроўкай музычнага матэрыялу, які пакуль існаваў у клавіры. Восенню пачаліся рэпетыцыі, калі часткі спек­такля — аркестр, хор, сольныя фрагменты пачалі яднацца ў адно цэлае. У якасці рэжысёра Аляксей Аляксандравіч запрасіў Ягора Лёгкага. Былі прадуманы мізансцэны, святло, касцюмы, візуальны шэраг. Над сцэнай у паветры луналі партрэты Ганны Андрэеўны, зробленыя мастакамі ў розныя перыяды яе жыцця. У тым ліку партрэт Мадыяльні, напісаны ў Парыжы, які няспыннай лініяй віртуозна абмалёўваў фігуру.

Напярэдадні прэм’еры хваляванняў хапала. У якасці пляцоўкі для паказу быў абраны Палац прафсаюзаў. Пасля капітальнага рамонту ён набыў прэзентабельны выгляд. Музычнае жыццё сталіцы восенню, пасля летняга зацішша, насычанае. Таму існуе небяспека, што нягледзячы на арыгінальную назву спектакля, сур’ёзную рэкламу, глядач не збярэцца.