Читать «Алесь Адамовіч: Жыццё як творчасць і творчасць як жыццё» онлайн - страница 33

Михаил Александрович Тычина

Нягледзячы на самыя змрочныя прадчуванні, Алесь Адамовіч заставаўся аптымістам: што было, тое было, не вернеш назад, жыццё ён пражыў не дарэмна, здолеў нямала добрага і патрэбнага здзейсніць і ў літаратуры, і ў навуцы, і ў грамадскай сферы, а таму была надзея на ўдзячнасць і светлую памяць нашчадкаў. Запамінаюцца іранічна-філасофскія адносіны яго да самога сябе, імкненне падвесці філасофскія вынікі свайго роздуму над агульнымі для ўсіх жывых і сумленных людзей «вечнымі пытаннямі» дабра і зла, любові і нянавісці, жыцця і смерці. Аповесць «Vixi» завяршаецца на аптымістычнай ноце: «Так, жыццё пражыць — не поле перайсці. Як усё проста, але сказана назаўсёды, пра ўсіх. З Вечнасці перабегчы ў Вечнасць. А па шляху — столькі ўсяго».

Жыццё пісьменніка не завяршаецца з яго фізічным сыходам у лепшы свет, а яго мастацкія творы і яго зіхоткая публіцыстыка знаходзіць свой працяг і паглыбленне ў сучаснай рэчаіснасці. Імя і прозвішча Алеся Адамовіча згадваецца пры нагодзе і надзвычай часта. У беларусаў досыць шмат выдатных дзеячаў мінулага, адсутнасць якіх у жыцці іх нашчадкаў адчуваецца вельмі абвострана. І не толькі братоў-беларусаў.

Неўзабаве з Масквы, дзе пісьменнік жыў і тварыў у апошнія гады, дайшла вестка, што выйшаў у свет першы том Збору твораў выдатнага рускага паэта і ўсенародна вядомага барда Уладзіміра Высоцкага. Цікава і сімвалічна, што ў якасці ўступу да гэтага тома выдаўцы змясцілі слова Алеся Адамовіча пра паэта, які выканаў некалькі песень у яго кінафільмах «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой».

Алесь Адамовіч загарэўся прагай пабыць у родных мясцінах. Папрасіў стрыечнага брата Мікалая Тычыну падвезці на машыне ў яго родную Глушу, што непадалёку ад Бабруйска. На глушанскіх могілках пастаяў нейкі час каля магіл родных і блізкіх: бабулі Ефрасінні, бацькі і маці. Паказаў удаве свайго старэйшага брата Яўгена і Мікалаю, «дзе ён хацеў быць пахаваны». Заадно пагадзіўся пад’ехаць за 12 вёрст у пасёлак Завалочыцы, дзе адзінока дажывала свае дні цёця Каця (так ён называў звычайна маці Мікалая). Быў усцешаны, пакаштаваўшы пасля доўгай дарогі баршчу, згатаванага ў вясковай печы. Выйшаўшы на падворак з Мікалаем, азірнуў навокал сядзібу сваякоў, пахваліў гаспадарку «дзядзькі Аляксандра» і, глянуўшы на пабрацейніка, параіў: «Даглядайце і шануйце свой бацькоўскі агарод!»

Вярнуўшыся ў Мінск, незадоўга да ад’езду пабываў у рэдакцыі часопіса «Нёман», перамовіўся з галоўным рэдактарам Анатолем Кудраўцом, здаў у друк падрыхтаваную дакументальную аповесць «Падарожжа з Мінска ў Маскву і назад» (апублікаваную ў жніўні 1994 г.). У апошнюю паездку на цягніку ў сталіцу яго праводзілі сябры Васіль Быкаў, Валянцін Тарас, Уладзімір Бойка, Яўген Коктыш, родныя і блізкія.