Читать «Алесь Адамовіч: Жыццё як творчасць і творчасць як жыццё» онлайн - страница 32

Михаил Александрович Тычина

Акурат у ноч 26 красавіка 1986 года, калі выбухнуў рэактар на Чарнобыльскай АЭС, Адамовіч ляцеў на самалёце на поўдзень, дзе збіраўся правесці адпачынак і падлячыцца ў санаторыі. З першых дзён шукаў магчымасць разбурыць сцяну сакрэтнасці, апытваў ужо добра знаёмым яму метадам «магнітафоннай літаратуры» вучоных, фізікаў-атамшчыкаў, медыкаў, гаспадарнікаў Мінска і Масквы пра магчымыя вынікі катастрофы. Дамогся сустрэчы з Гарбачовым, у выніку якой з’явілася рэальная магчымасць уплываць на ход падзей. У артыкуле «Хатынь, Хірасіма, Чарнобыль...» пісьменнік напісаў: «Не ўсе і да гэтай пары ўсведамляюць, што новы стан у рода чалавечага, новы адлік часу пачаўся з 26 красавіка 1986 года. Да Чарнобыля і пасля Чарнобыля — гэта рознае светаадчуванне, гэта па-новаму небяспечныя шляхі чалавецтва ў будучыню».

Паставіўшы творчасць лепшых беларускіх празаікаў у шырокі кантэкст сусветнай літаратуры, А. Адамовіч пераканаўча прадэманстраваў вялікія мастацкія і філасофскія магчымасці нацыянальнай літаратуры і прыйшоў да лагічнага пытання пра перспектывы эстэтычнага руху.

У гады так званай «галоснасці» А. Адамовіч прыкметна актывізаваў сваю грамадска-палітычную дзейнасць. У яго мастацкіх творах «Апошняя пастараль», «Бывай, хунта», «Венера», «Нямко», «Vixi» ўзрасла доля публіцыстычнасці. У кнігах ён разважаў не толькі пра ўласную творчасць, але і пра ваенную і вясковую прозу, пра народны лёс. «Мне здаецца, — адзначае ён, — мы занадта мала патрабуем ад мастацтва, літаратуры... Пытанне, аднак, у тым, што стаіць за заклікамі нашай крытыкі. Ці таго мы ад літаратуры патрабуем, чакаем, што здольная даць толькі літаратура, толькі мастацтва, або мы жадаем, каб яны выконвалі працу, якую здатныя выконваць (нават лепш) іншыя формы ўздзеяння на грамадскую свядомасць (газетныя, публічныя жанры і да т. п.). Мастацтва — механізм найвышэйшай складанасці, і выкарыстоўваць яго трэба рацыянальна, па прызначэнні... Ці варта мікраскопам забіваць цвікі... Нішто іншае працу мастацтва над душой чалавечай не зробіць. Патрэбна мастацтва, і толькі яно». Менавіта мастацтва ўплывае на пачуцці, адчуванні, на свядомасць і падсвядомасць. Такога ўздзеяння на чалавечую істоту трэба чакаць і патрабаваць ад літаратуры, ад мастацтва...

У А. Адамовіча было шмат шырокіх задум. Сярод іх — аповесці «Чалавек у рэспіратары», «Краіна, якой не шкада», «Апавяданне пра мудрае і клапатлівае кіраўніцтва народа, якога не было», «Аповесць пра тое, як «выжылі» (у справаздачах) пасля Чарнобыля»... Нямала, як для аднаго чалавека, і шмат для пісьменніка-грамадзяніна. А што ж збылося? У небывалай у гісторыі зямлі сітуацыі, калі на карту пастаўлена жыццё чалавецтва, думка А. Адамовіча працавала, як ніколі раней, напружана і мэтанакіравана. Яго маральны імператыў гэтага часу выка­заны ў словах: «Дадумваць да канца!», «Калі не мы, то хто ж?», «сыграць ролю бервяна, тарана — прабіць сцяну маўчання», «не аслабляць напору», «звяртацца да пачуццяў людзей». Публіцыстыка А. Адамовіча гэтага перыяду адлюстравана дастаткова поўна ў яго кнігах «Адваяваліся!» (1990), «Мы — шасцідзясятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992). За ўсім, што рабіў А. Адамовіч у 90-я гг. як мастак слова, публіцыст, грамадскі дзеяч, адчуваецца подых гераічнай і трагічнай беларускай гісторыі. Менавіта ў гэты час з’явілася рэальная магчымасць прадухіліць пагрозу трэцяй сусветнай вайны, ядзернага сутыкнення вялікіх дзяржаў. А. Адамовіч быў адным з прадвеснікаў новай эры ў гісторыі чалавецтва, пазначанай збліжэннем («канвергенцыяй») Захаду і Усходу, імкненнем да раззбраення, разуменнем небяспекі экалагічнай катастрофы.