Читать «Забаставаў» онлайн - страница 32

Джэк Лондан

Каб ня было гэтага цьвіка, які невядома калі і чаму трапіў у яго кішэню, яму прышлося-б вярнуцца на бераг і паўзьці зноў назад. Прасунуўшы цьвік у дзірку загваздкі, ён лёгка выцягнуў яе з восі. Потым з дапамогаю жалезнага бруска ён пачаў узьнімаць ваганэтку, каб вызваліць кола, прыціснутае кабелем да блоку. Пасьля гэтага Джэры зноў паставіў кола на месца і пры дапамозе вяроўкі пачаў узьнімаць ваганэтку, пакуль кола зноў ня стала як сьлед на кабель.

Усё гэта заняло многа часу. І толькі цяпер ён мог пакінуць сваё сядло і перасесьці ў ваганэтку. Джэры зьняў вяроўкі, які трымалі ваганэтку і яна павольна пакацілася. Ваганэтка бегла па кабелі, і ён ведаў, што недзе блізка, але ў другі бок, бегла так-жа сама ваганэтка Сьпіленаў.

Цяпер непатрэбен быў тормаз, бо вага Джэры даволі ўроўнаважвала груз другой ваганэткі, і праз некалькі хвілін перад ім праясьніўся бераг і стары знаёмы калаўрот.

Джэры выскачыў з ваганэткі і прымацаваў яе. Ён зрабіў гэта ўважліва і не сьпяшаючыся, а потым, зусім не па-геройску, асунуўся каля калаўрота і, не зважаючы на вялікі дождж, моцна расплакаўся. Прычын для гэтага было шмат: істрашэнная боль пакалечаных аб дрот рук, і перажытыя страх і пакуты, і, больш за ўсё, радасьць, што мужчына і жанчына былі выратаваны.

Іх ня было тут, каб падзякаваць яму, але ён ведаў, што недзе там, за гэтым дзікім бяздоньнем, яны сьпяшаліся сьцежкаю да Клувэр-Ліфу.

Эскімосік Кіш

Гнеў Кіша

Маленькі эскімосік Кіш быў вельмі растаропным хлопчыкам, дужым і здаровым. Ён бачыў сонца трынаццаць разоў, бо ў тэй краіне сонца штогод зьнікае, і ўсё хаваецца ў цемру, а на другі год зноў прыходзіць сонца, каб людзі зноў маглі сагрэцца.

Бок, бацька Кіша, быў вельмі сьмелым чалавекам, але загінуў у час голаду, калі пашоў на паляваньне на белага мядзьзедзя; ён сваім жыцьцём выратаваў ад галоднай сьмерці ўсю сваю вёску. З гарачкі ў час змаганьня ён блізка падскочыў да мядзьведзя, схапіўся з ім і быў задушаны на-сьмерць; але і мядзьведзь усё-ж такі быў забіты. А з тае прычыны, што на мядзьведзі было шмат мяса, вяскоўцы выратаваліся ад галоднай сьмерці.

Кіш быў адзін сын у Бока і пасьля бацькавай сьмерці застаўся жыць з маткаю.

Людзі звычайна забываюцца аб усім, што здараецца з імі, і эскімосы скора забыліся аб сьмерці і адважным учынкі бапькі Кіша; а з тае прычыны, што Кіш быў яшчэ зусім малым, а матка яго — слабая жанчына, дык пра іх таксама забыліся, і ім прышлося пасяліцца ў самай беднай і лядаштай інгу[Хата, якая зроблена з сьнегу і лёў.].

Аднаго разу ўночы эскімосы сабраліся на сход у вялікай хаце Клош-Квана, правадыра племені, і тады Кіш даказаў ім усім, што ў жылах яго цячэ сьмелая кроў і што ён ужо больш не маленькі хлапчук. Ён, як сталы мужчына, устаў і пачаў спакойна чакаць, пакуль у хаце ня сьціхнуць.