Читать «Забаставаў» онлайн - страница 31

Джэк Лондан

У скрынцы з рознымі старымі струмантамі, што стаяла каля калаўроту, ён знайшоў стары ангельскі ключ, кароткі кавалак чатырохкантовага жалеза і, апрача таго, скрутак новай вяроўкі. Ён дарэмна шукаў кавалак дошкі, каб замайстраваць «люльку». Пад рукамі нічога ня было, акрамя шырокіх дошчак, якіх ня было чым перапілаваць. Прышлося, такім чынам, карыстацца тым, што ёсьць, зрабіць хоць або якое сядло.

Сядло, што ён зрабіў, было вельмі простае. Ён зрабіў з вяроўкі вялікую пятлю і перакінуў яе цераз нярухомы кабель, да якога была прычэплена пустая ваганэтка. Седзячы ў пятлі, ён мог лёгка дастаць кабель рукамі. У тым месцы, дзе вяроўка магла лёгка перацерціся аб кабель, ён абкруціў яе сваёю сьвіткаю, замест старога мяшка, якога ня мог знайсьці.

Скончыўшы ўсё як сьлед, ён закачаўся над бяздоньнем, седзячы ў сваім вераўчаным сядле. Ён падцягваў сябе рукамі і так пасоўваўся ўперад. Джэры захапіў з сабою ангельскі ключ, кароткі кавалак жалеза і некалькі мэтраў вяроўкі. Яму прыходзілася ўзьнімацца зьлёгку ўгору, але гэта ня так палохала яго, як вецер. Калі люты вецер кідаў яго то ўзад, то ўперад, іншы раз амаль перакульваючы, калі ён глядзеў у шэрае бяздоньне пад сабою, ён адчуваў, што баіцца. Кабель быў стары. Што, калі ён парвецца?

Джэры адчуваў вялікі страх, усё замірала ў сярэдзіне, калені дрыжэлі, і гэтага страху ён ня мог перамагчы.

Але ён не адступаў ад свае пастановы. Кабель быў стары, пацёрцы, гострыя кавалкі дроту вытыркалі з яго. Рукі Джэры былі пашарпаны і скрываўлены, калі ён зрабіў перапынак і пачаў крычаць на ўсё горла Сьпілену. Ваганэтка знаходзілася якраз пад ім, за некалькі мэтраў, і ён мог цяпер растлумачыць Сьпіленам, што тут здарылася.

— Рад-бы памагчы табе, — крыкнуў Сьпілен, калі ён зноў пасунуўся далей, — але мая жонка зусім занядужыла. Аднак, раю табе, хлопча — асьцерагайся. Я сам сябе засадзіў сюды, цяпер надзея на цябе, каб ты выратаваў нас.

— О, я зраблю гэта! — крыкнуў Джэры ў адказ. — Скажэце вашай жонцы, што праз адзін момант яна будзе на тым беразе.

Пад густым дажджом, гушкаючьгся то ў адзін, то ў другі бок, нібы скоры і няроўны маятнік, захліпаючыся ад патугаў і вялікага ветру, Джэры дабраўся, нарэшце, да пустой ваганэткі.

Адразу-ж ён убачыў, што не дарэмна перажыў гэтулькі страху.

Пярэдняе кола, што сьцерлася ад доўгага ўжываныя, сышло з кабелю, і кабель моцна заціснула паміж колам і шківам.

Першае было ясна — кола трэба зьняць з блоку, другое было таксама ясна — калі кола будзе зьнята, трэба будзе прымацаваць ваганэтку да кабелю вяроўкамі, якую ён ўзяў з сабою.

Праз хвілін пятнацаць яму ўдалося толькі ўмацаваць ваганэтку. Загваздка, якая трымала кола на восі, была ржавая і сагнутая, Джэры біў па ёй адной рукою, а другою з усяе сілы трымаўся, каб ня ўпасьці. Але страшэнны вецер гушкаў і згінаў яго цела, так што ён рэдка мог пападаць ключом па загваздцы. Усю сілу ён траціў на тое, каб трымацца. Баючыся, каб ня выпусьціць ангельскі ключ, ён моцна прывязаў яго хустачкаю да рукі.

Праз паўгадзіны Джэры крыху зварушыў загваздку, але ніяк ня мог выцягнуць яе. Часамі здавалася, што ён адмозіцца ад гэтай безнадзейнай работы і ўсе пакуты, якія яму прышлося перажыць, будуць дарэмнымі. Раптам у яго засьвяцілася думка: ён борзьдзенька агледзеў свае кішэні і знайшоў тое, чаго шукаў — вялікі цьвік.