Читать «Забаставаў» онлайн - страница 29

Джэк Лондан

Джэры адчуў, як усё закалацілася ў яго ў сярэдзіне. Ён здагадаўся, што Сьпілен хоча пераехаць на кабелі «Залатой Мары», але ведаў, што бяз бацькі ён ня можа сам на гэта адважыцца, тым больш, што кабелем гэтым і раней ніколі не карысталіся для перавозкі пасажыраў, ды і наогул яго даўно ўжо ня пускалі ў ход.

— Можа, Хол неўзабаве вернецца, — сказаў ён.

Сьпілен пакруціў галавою і запытаўся:

— Дзе твой бацька?

— У Сан-Францыско, — коратка адказаў Джэры.

Сьпілен вылаяўся і пачаў ад злосьці тупаць узад і ўперад. Жонка яго заплакала мацней, і Джэры мог разабраць, як яна мармытала: «А тата памірае, памірае»…

Вочы Джэры затуманіліся сьлязьмі, ён стаяў, як ашаломлены, і ня ведаў, што рабіць. Але мужчына вырашыў за яго.

— Паслухай, малы, — сказаў ён цьвёрда, — мы з жонкаю пераедзем на вашым кабелі. Можаш ты пусьціць яго для нас?

Джэры зьлёгку адхіснуўся, ён зрабіў гэта несьвядома, нібы адступаючыся перад нечым няпрыемным.

— Лепш даведайцеся, ці не вярнуўся Хол, — параіў ён.

— А калі не вярнуўся?

Джэры зноў занепакоіўся.

— Я бяру адказнасьць на сябе, — дабавіў Сьпілен. — Хіба ты ня ведаеш, хлопча, што нам канешна трэба пераехаць.

— Няма чаго чакаць Хола, — казаў Сьпілен. — Ты ведаеш так-жа добра, як і я, што ён ня мог яшчэ вярнуцца з «Кульгавай Каровы» ў гэты час дня. Ну, жвава за работу!

Нядзіва, што жонка Сьпілена здавалася вельмі напалоханай, калі яны памагалі ёй сесьці ў ваганэтку, — так падумаў Джэры, акінуўшы вокам бяздонную нетру, што адкрывалася перад ёю, бо страшная навальніца зусім хавала ад вачэй другі бераг, які знаходзіўся за шэсьцьсот мэтраў адгэтуль. Скалы пад нагамі крута абрываліся, губляючыся ў віхры туману. Здавалася, што да дна тут ня сто пяцьдзесят мэтраў, а цэлы кілёмэтр.

— Гатова? — запытаўся Джэры.

— Пускай, — закрычаў Сьпілен, стараючыся перамагчы голасам вецер.

Ён сеў у ваганэтку разам з жонкаю, трымаючы яе рукі ў сваіх. Джэры, убачыўшы гэта, сказаў:

— Вам спатрэбяцца абедзьве рукі, каб трымацца на такім ветры, — крыкнуў ён.

Мужчына і жанчына разьнялі рукі і момча ўхапіліся за берагі ваганэткі. Джэры памалу і вельмі асьцярожна спусьціў тормаз. Калаўрот пачаў круціцца. Ваганэтка павольна закалыхалася над бяздоньнем, і яе калёсы борзда пабеглі па нярухомым верхнім кабелі, да якога яна была прычэплена.

Джэры не ўпяршыню было працаваць на кабелі, але ён першы раз рабіў гэта без нагляду бапькі.

Пры дапамозе тормаза ён рэгуляваў рух ваганэткі. Гэта было патрэбна, бо вялікі вецер іншы раз падхопліваў яе, моцна шпурляў то ўзад, то ўперад, час-часом здавалася, што яна вось-вось выкуліць свой груз — пасажыраў.

З прычыны вялікага дажджу Джэры мог толькі з дапамогай кабеля вызначаць, дзе знаходзіцца ваганэтка. Ён пільна сачыў за кабелем у той час, калі той вярцеўся начакол калаўрота.

— Двесьці мэтраў, трыста мэтраў. Чатыраста, — шаптаў ён сабе, калі адзнакі даўжыні на кабелі прабягалі міма.

Раптам кабель спыніўся. Джэры тузануў тормаз, але той і не паварушыўся. Ён схапіўся рукамі за кабель і паспрабаваў паварушыць яго, пацягнуў на ўсю сілу… Нешта сапсавалася. Што? ён ня мог ведаць, ня мог разгледзець.