Читать «Забаставаў» онлайн - страница 25

Джэк Лондан

Крыс крыкнуў капітану, каб ён трымаўся моцна і падрыхтаваўся спаткаць удар хвалі. Але ніводзін чалавек ня мог-бы гэтага вытрымаць. Акіян вады хлынуў на Крыса, і яго пальцы рук, якія сьціскалі штурвал, ня вытрымалі… Як саломку на паверхні вадаспаду, яго тузанула і імчала наперад, — невядома куды. Ён мінуў каюту, яго прамчала на сотню футаў уздоўж кармы і цяжка кінула каля мачты. Другая хваля штурнула яго зноў па тэй-жа дарозе і пакінула там, дзе павінны былі быць усходкі на карму.

Пабіты, пакрываўлены, амаль страціўшы памяць, ён намацаў парэнчы і ўзгробся на ногі. Ён ведаў: варта толькі не варушыцца, — і ўсямуканцы. Крыс павярнуўся да кармы і адчуў, што страшэнны вецер дзьмуў проста яму ў твар. Дыхаць стала цяжка. Гэта прымусіла яго ўстрапянуцца і апамятавацца. Вецер дзьмуў у карму. Шхуна выпаўзла з лагчыны паміж хвалямі і пусьцілася з ветрам. Але мора гойдалася і праз гэта яна магла зноў павярнуцца. Паўзучы, ён дацягнуўся да руля якраз у той час, калі гэтага можна было не дапусьціць. Сьвятло каля компасу яшчэ не патухла.

Яны былі выратаваны!

Лепш сказаць, выратаваны былі толькі ён ды шхуна. Што да сваіх таварышоў, дык ён пра іх нічога ня ведаў. Руля кінуць ён ня мог, каб праведаць, дзе яны, бо ўсю сваю сілу аддаваў на тое, каб даць кірунак судну. Варта было дапусьціць найменшы недагляд — і новая хваля магла скінуць шхуну ў лагчыну між хвалямі. І вось, ён — малы яшчэ хлапчук, узяў на сябе такую вялізарную работу — весьці судно, якое важыла дзьвесьце тон, сярод бурлівага шторму.

Праз паўгадзіны, плачучы, капітан прыпоўз да ног Крыса. «Усё прапала!» — скардзіўся ён. Яго прыбіла так, што ледзь дыхае. Кухню, парусы з сярэдняй мачты, кока — усе выкінула ў мора.

— Дзе боцман? — запытаўся Крыс, калі перадыхнуў пасьля таго, як выраўняў страшэнна нахілейую шхуну. Гэта ня дзіцячая гульня — кіраваць рулём на судне ў час тайфуна.

— Там, наперадзе судна, — адказаў стары капітан. — Яго прыціснула так, што ён ледзь жыве. Ён кажа, што ў яго зламаны абедзьве рукі і рабрыны, — ён ня ведае, колькі рабрын. Яму вельмі нядобра!

— Ён-жа там утопіцца; глядзеце, як вада ліецца праз шлюзы. Ідзеце туды, да яго! — загадаў Крыс, узяўшы на сябе каманду, нібы гэта так і павінна быць. Скажэце яму, каб ён не турбаваўся — я каля руля. Памажэце яму, чым зможаце, і няхай ён сам… Ён спыніўся і павярнуў кола ўправа, бо вялізарная хваля ўзьнялася і павярнула шхуну на левы край… — Адчынеце дзьверцы на палубе, спусьцеце яго ўніз, у каюту, і палажэце на ложку. Потым дзьверцы зачынеце.

Капітан боязна завярнуў маршчыністы твар да насавой часткі судна і дрыжыкі прабеглі па яго целе. Капітан толькі што ледзь вырабіўся адтуль — там поўна да краёў ва’ды і сьмерць вартуе чалавека на кожным кроку дарогі.

— Ідзеце! — грозна закрычаў Крыс. I калі той, напалоханы, рушыўся, Крыс крыкнуў яму ўсьлед — І паглядзеце яшчэ раз, дзе кок!