Читать «Забаставаў» онлайн - страница 12

Джэк Лондан

У наступныя дні А-Чо глядзеў на А-Чоў з ціхай і мяккай цікавасьцю. Яму адсякуць галаву той гільётынай, што высіцца на іх плянтацыі. Ён ня ўбачыць свае старасьці, ня будзе мець уцехі ад саду развагі і супакою. А-Чо думаў пра жыцьцё і сьмерць. Аб сваёй долі ён не бедаваў. Дваццаць гадоў — гэта толькі дваццаць гадоў. На такі час адсунецца ад яго сад — вось і ўсё. Ён малады і цярплівасьць Азіі ў яго крыві і касьцях. Ён перачакае гэтыя дваццаць гадоў, а гэтым часам астыне, і яшчэ больш прыемнымі будуць для яго шчасьлівыя йні ў тым садзе. Ён думаў цяпер аб тым, як назваць свой сад. Ён дасьць яму імя «Сад ранішняга супакою». Гэтая думка прынесла яму шчасьлівую радасьць на ўвесь дзень і так абнадзеіла яго, што ён прыдумаў прыказку — перацярпі і ўсё будзе добра. Такая прыказка вельмі пацешыла ўсіх, асабліва Чанг-Лі і А-Танга. А-Чоў, аднак, выслухаў прыказку зусім спакойна, яна ня прынесла яму радасьці. Яго галава праз такі кароткі час адлучыцца ад яго цела, што на гэта не патрэбна вялікай цярплівасьці. Ён курыў колькі хацеў, добра еў, спакойна спаў і не турбаваўся ад таго, што марудна цягнецца час.

Крушо быў жандарам. Ён правалачыўся дваццаць гадоў на службе ў коленіях ад Нігера і Сэнэгаліі да Паўднёвых мораў, але гэтыя дваццаць год ані ня прынесьлі карысьці для яго тупых мазгоў. Крушо застаўся такім-жа бесталковым, нерастароплівым, якім быў некалі ў сваёй вёсцы ў Францыі. Ён ведаў дысцыпліну і страх перад начальствам. Ён быў нявольнікам і бога і жандарскага сэржанта. Уся розьніца была толькі ў тым, каго больш трэба баяцца. Па сутнасьці сэржант быў для яго страшнейшы за бога, за выключэньнем нядзелі, калі богавы служкі моцна крычалі аб розных карах. Але бог недзе далёка, а сэржант заўсёды на вачох.

Крушо атрымаў загад ад галоўнага судзьдзі начальніку турмы, каб той выдаў Крушо арыштаванага А-Чоў. Здарылася так, што галоўны судзьдзя напярэдадні наладжваў вечар у гонар капітана і афіцэраў францускага вайсковага карабля. Рука яго калацілася, калі ён падпісваў загад, а вочы так моцна балелі, што ён нават не праверыў свайго загаду. Ды ці варта было яму лішне турбавацца, калі справа закранала толькі жыцьцё нейкага «кітаяшкі». Вось чаму ён і не заўважыў, што недапісаў апошняй літары ў слове А-Чоў. У загадзе было «А-Чо», і калі Крушо падаў яго наглядніку, той выдаў яму арыштаванага А-Чо. Кручо пасадзіў яго поплеч з сабою на возе, і выехаў у дарогу на пары мулаў.

А-Чо радаваўся цёпламу сьветламу сонцу. Ён сядзеў каля жандара і ўсьміхаўся ад шчасьця. Ён зарадаваўся яшчэ больш, калі мулы павярнулі на поўдзень у Ацімаоно. Значыцца, Шэмер выклікаў яго. Шэмеру патрэбна была яго работа. Вельмі добра. Ён будзе працаваць старэнна. Шэмеру ня прыдзецца на яго скардзіцца.

Быў гарачы дзень. Вецер заціх. Абліваліся потам мулы, абліваўся потам Крушо, пацеў і А-Чо. Але А-Чо прывычны да гарачыні, яму гэта ня страшна.

Тры гады працаваў ён пад гэтым сонцам на плянтацыях. Ён усьміхаўся ад радасьці, і такая дабрата сьвяцілася ў яго вачох, што нават у тупой галаве Крушо зашавялілася зьдзіўленьне.